Брата забітага ў Екацярынбургу (РФ) дзевяцігадовага хлопчыка змясцілі ў псіхіятрычную бальніцу разам з яшчэ двума дзецьмі, бацькі якіх былі ў секце. Пра гэта tass.ru паведаміла крыніца ў праваахоўных органах.
«У псіхіятрычную лякарню паступілі трое дзяцей, бацькі якіх былі ў секце. Сярод іх — старэйшы брат загінулага дзіцяці, яму 12 гадоў, ён ніколі не вучыўся ў школе», - сказаў суразмоўца агенцтва. Дзеці праходзяць поўнае абследаванне, бо зазналі псіхічны ціск.
У канцы лістапада ў Екацярынбургу знайшлі цела 9-гадовага хлопчыка. Высветлілася, што яго бацькі — члены секты «Вучні Хрыста», якую арганізавала нейкая Земфіра Гайнуліна, якая сама сябе называе Фамар.
40-гадовы Іван Казанцаў сек сына розгамі, заткнуўшы малому рот кляпам. У выніку, хлопчык задыхнуўся, тады Казанцаў паклікаў Гайнуліну, каб тая ажывіла малога. Не атрымалася. Тады цела хлопца закапалі ў парку.
Іван Казанцаў з жонкай пэўны час жылі ў Беларусі: ён расіянін, але жонка мае беларускае грамадзянства. Беларусам быў і іх забіты сын.