Увечары 12 снежня памёр бізнесовец, рэстаратар Алег Пашак. Як паведаміў «НН» музычны прадзюсар Зміцер Безкаравайны, прычынай смерці стала сэрца. «Ад яго брата чуў, што прыхапіла сэрца, усё адбылося цягам паўгадзіны», — сказаў Безкаравайны.

Алег Пашак. Фота з facebook.com.

Алег Пашак. Фота з facebook.com.

Алег Пашак валодаў рэстаранамі «Камяніца», «Грай», «Агінскі», «Карчма». Дзесяць гадоў запар ён ладзіў фолькавы фестываль «Камяніца», які збіраў шмат гледачоў.

«Вельмі класны чалавек. Ён шмат зрабіў для беларускай культуры, — кажа арганізатар канцэртаў Уладзімір Плавінскі. — Ад пачатку 2000-х, калі адкрылася «Камяніца», там заўсёды грала беларуская музыка, запрашаліся гурты. Алег даваў прастору для некамерцыйных ініцыятываў: «Мова нанова», «Арт-Сядзіба». З ім заўсёды можна было дамовіцца адносна правядзення беларускіх імпрэз».

Уладзімір Плавінскі кажа, што працаваў разам з Пашакам на арганізацыі «Камяніцы». «З боку Алега ўсё было чотка, вельмі арганізавана. Шмат грошай гэта Алегу не прыносіла — проста яму падабалася гэтая справа».

Лідара гурта «Стары Ольса» Змітра Сасноўскага звязвалі з Алегам Пашакам не толькі прафесійнае супрацоўніцтва, але і сяброўства. «Калі ён адкрыў «Камяніцу», то адразу стаў запрашаць нас. Ён былы вайсковец, родам з Гомельшчыны».

«Ён заўсёды быў патрыётам, але шукаў формы патрыятызму. І знайшоў сваё ў музыцы», — кажа Сасноўскі.

Развітанне з Алегам Пашакам адбудзецца 14 снежня.

19 снежня яму споўнілася б 54 гады.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?