Днямі Аляксандр Лукашэнка абурыўся завялікай колькасцю адміністратыўных правапарушэнняў. Прычына іх росту банальная — са з'яўленнем камер фотафіксацыі ўдалося паставіць складанне пратаколаў на паток. 

Чытайце. Лукашэнка абураны: «лісты шчасця» ад ДАІ атрымліваў практычна кожны, хто сядзеў за рулём

Аднак цяпер улады вырашылі змяніць тактыку дзеянняў. Наколькі можна зразумець інфармацыю ад крыніц і счытаць намёкі чыноўнікаў, даішнікі перастануць штрафаваць кіроўцаў за «нязначныя» парушэнні.

Што такое «нязначныя»? Прасцей пералічыць «значныя», за якія па-ранейшаму дакладна будуць выпісвацца штрафы:

  • кіраванне ў стане ап'янення
  • праезд на чырвонае святло
  • няпропуск пешахода.

Таксама да іх могуць прыраўняць «нахабныя» паводзіны кіроўцаў.

Апроч таго, паводле інфармацыі «НН», цяпер будуць радзей выкарыстоўваць (ці ўвогуле не будуць прымяняць) мабільныя радары, якія на выходных расстаўлялі на міжгародніх трасах. 

Нарэшце, будзе праведзена праца па карэкціроўцы знакаў. Шмат дзе прыбяруць абмежаванні хуткасці.

***

Афіцыйны каментар, апублікаваны ў тэлеграм-канале МУС, выглядае так:

«Днямі міністрам унутраных спраў дадзены рэкамендацыі супрацоўнікам ДАІ максімальна арганізаваць папераджальную працу з удзельнікамі дарожнага руху і дыферэнцыравана падыходзіць да кожнага канкрэтнага выпадку. У аснове — гэта добразычлівы падыход да парушальнікаў і разуменне з боку грамадзян неабходнасці выканання правілаў дарожнай бяспекі.

Меры адміністрацыйнага рэагавання ніхто не выключае. Калі грамадзянін наўмысна парушае ПДР і не рэагуе на заўвагу, метад размовы наўрад ці на яго падзейнічае. Мы не акрэсліваем кола парушэнняў правілаў дарожнай бяспекі, па якіх будзем рэагаваць шляхам складання пратаколу.

Немагчыма пакінуць без увагі такія факты як кіраванне транспартам у стане алкагольнага ап'янення, праезд на чырвонае святло, непропуск пешахода і іншыя правапарушэнні, звязаныя з бяспекай грамадзян.

Падкрэсліваю, што міністр рэкамендаваў супрацоўнікам ДАІ выкарыстоўваць гэтую форму працы. Яны працягваюць кантраляваць дарожную бяспеку ў рамках дзеючага заканадаўства.

Акрамя гэтага, прадстаўнікі ведамства прымаюць удзел у перапрацоўцы адміністрацыйнага заканадаўства.

«На працягу бліжэйшага часу супрацоўнікі ДАІ і ўладальнікі дарог (Міністэрства транспарту і камунікацый, аблвыканкамы і Мінгарвыканкам) правядуць рэвізію дарожных знакаў і з улікам дэталёвага аналізу здарэнняў, звязаных з парушэннем хуткасці руху, унясуць адпаведныя карэкціроўкі ў працу прыбораў па вымярэнні хуткасці», — паведаміў начальнік УДАІ МУС Дзмітрый Карзюк».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?