Прэзыдэнт Беларусі працягнуў практыку абмежаванага выкарыстаньня асобных слоў у мове. Гэтак, 19 чэрвеня ён падпісаў указ №402, які скіраваны на ўпарадкаваньне дзейнасьці грамадзкіх аб’яднаньняў навукоўцаў, якія маюць у цяперашні час статус акадэміі навук і неправамерна выконваюць функцыі, якімі надзеленыя адно дзяржаўныя органы, а менавіта масава прысвойваюць вучоныя ступені, вучоныя і акадэмічныя званьні.

У гэтай сувязі дакумэнт надзяляе правам на выкарыстаньне слова «акадэмія» ў найменьнях толькі арганізацыі, маёмасьць якіх знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасьці. Функцыі прысваеньня акадэмічных званьняў замацоўваюцца выключна за Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі, а прысуджэньня вучоных ступеняў і прысваеньня вучоных званьняў – за Вышэйшай атэстацыйнай камісіяй.

Разам з тым, права стварэньня аб’яднаньняў навукоўцаў захоўваецца, аднак яны мусяць рэалізоўвацца ў формах, прадугледжаных Грамадзянскім кодэксам Рэспублікі Беларусі, без прысваеньня статусу акадэміі.

З прыняцьцем Указу слова «акадэмія» захоўваецца ў найменьнях Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і шэрагу дзяржаўных устаноў вышэйшай адукацыі. Адначасова выключаецца магчымасьць прысуджэньня грамадзкімі арганізацыямі вучоных ступеняў, прысваеньня вучоных і акадэмічных званьняў.

Слова «акадэмія» стала чарговым у сьпісе забароненых да масавага выкарыстаньня ў назвах арганізацый, грамадзкіх аб’яднаньняў і г.д., за выключэньнем дзяржструктур. Раней падобныя абмежаваньні былі ўведзеныя пры выкарыстаньні слоў «нацыянальны» і «беларускі».

АФН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0