Прадстаўніцтва ЗША пры АБСЕ выступіла з заявай адносна палітычных зняволеных у Беларусі.

Адзначыўшы вызваленьне палітычных зьняволеных у жніўні 2008 г. і некаторыя іншыя пазытыўныя крокі афіцыйнага Менску (дазвол на распаўсюд двух незалежных газэт, рэгістрацыю руху «За свабоду», дэкляраваньне гатоўнасьці супрацоўнічаць з БДІПЧ у справе паляпшэньня выбарчага заканадаўства), амэрыканскае прадстаўніцтва пры АБСЕ адзначыла, што гэтыя крокі маюць абмежаваны характар. ЗША заклікае беларускія ўлады зрабіць пазытыўны працэс «незваротным».

Прадстаўніцтва падзяліла занепакоенасьці Эўразьвязу адносна арышту Юрыя Лявонава, Мікалая Аўтуховіча і Уладзімера Асіпенкі і запатрабавала, каб судовы працэс быў справядлівым і адкрытым.У заяве выказваецца занепакоенасьць у сувязі з прымяненьнем сілы пад час акцыяў апазыцыі 14 і 16 лютага, а таксама ўзгадваецца прымусовы прызыў у войска Франака Вячоркі, Івана Шылы і Зьміцера Хведарука.

«Прагрэс у галіне павагі правоў чалавека і дэмакратыі прывядзе да паляпшэньня адносінаў паміж Злучанымі Штатамі і Беларусьсю» — гаворыцца ў заяве прадстаўніцтва ЗША у АБСЕ.

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0