Некалькі маладых людзей 20 снежня ўзялі ўдзел у пікетаванні беларускага пасольства ў Маскве і консульства ў Санкт-Пецярбургу. Актывісты арганізацыі «Рускія дэмакраты» выйшлі з плакатамі «Вялікая Русь і Белая Русь: адзін корань, адна гісторыя, адзін народ», «Хопіць дзяліць рускіх на нярускіх», «Рускі сцяг вернецца ў Брэст», «Еўропа ў Маскве, а не ў Вільні», «Польскія паны, вон з Белай Русі» і іншымі.

«Рускія дэмакраты» — гэта маргінальная нацыяналістычная арганізацыя, якая выступае за «рускую нацыянальную дзяржаву», адмову прыняцця мігрантаў з Каўказу і Сярэдняй Азіі. «НН» пагутарыла з адным з сустаршыняў «Рускіх дэмакратаў», гісторыкам Сяргеем Грыгаравым.

«НН»: Што заахвоціла вашу арганізацыю выйсці з пікетамі да беларускага пасольства ў Маскве і консульства ў Пецярбургу? Жаданне большай інтэграцыі?

Сяргей Грыгараў: Я мяркую, што ніякай рэальнай інтэграцыі няма. Ёсць ленінскія межы, па якіх савецкая наменклатура падзяліла адну краіну. Лукашэнка выступаў за рэальную інтэграцыю толькі тады, калі ў Расіі ён быў больш папулярны за Ельцына. Пасля Ельцына усё змянілася. Лукашэнка хоча атрымліваць з Расіі грошы на падтрыманне свайго рэжыму пад размовы пра сяброўства і саюзніцтва.

Наш пікет за інтэграцыю, але супраць Лукашэнкі. Мы таксама не хочам, каб Крэмль аплачваў рэжым Лукашэнкі пад усе гэтыя размовы. Мы за аднаўленне гістарычнай Расіі, разбуранай савецкай уладай.

«НН»: Але вы не ўлічваеце, што ўжо з'явілася маладое пакаленне беларусаў, якія прывыклі жыць у незалежнай дзяржаве. Расія для іх невядомая і малазразумелая краіна.

СГ: Савецкая ўлада спрабавала зрабіць з рускага народа савецкі народ і пазбавіць нас гістарычнай памяці. І рабіла гэта значна даўжэй, чым рэжым Лукашэнкі. Гэта не падстава губляць сваю ідэнтычнасць. Габрэі XIX стагоддзяў жылі без сваёй дзяржавы і не забывалі хто яны. І нічога, аднавілі Ізраіль. Чаму б нам не аднавіць разбураную бальшавікамі краіну? Калісьці была расколатая Германія, і не толькі да Бісмарка, але і пасля вайны, расколатая на ФРГ і ГДР. Была расколатая Італія. У чым вам сэнс станавіцца беднымі задворкамі Еўропы, якая сама па сабе ў глыбокім крызісе ідэнтычнасці, калі можна атрымаць рэалізацыю ў вялікі сучаснай краіне з сусветнай культурай.

Нават вашыя культурныя асаблівасці рэалізуюцца толькі ў такой вялікай прасторы сусветнай рускай культуры. Рускіх мы разумеем як агульны народ, у якім ёсць і беларусы, і вялікаросы. Розніцы паміж намі няма, мы ўсе са старажытнарускай дзяржавы.

«НН»: Я правільна разумею, што для вас сёння незалежная Беларусь — гэта гістарычная несправядлівасць?

СГ: Гэта спроба нашых гістарычных праціўнікаў разбіць народ на часткі. Уявіце, калі падзяліць Францыю на Бургундыю, Нармандыю, Аквітанію, Гасконь? Або падзяліць Нямеччыну на Саксонію і Баварыю? Або падзяліць Англію на Сусэкс і Уэсэкс і іншыя каралеўствы? Гэта не несправядлівасць, а гэта спосаб, з дапамогай якога бальшавіцкая ўлада змагалася з рускім народам, каб лягчэй ўсталяваць сваю тыранію.

«НН»: Ці чулі вы, што 20 снежня некалькі тысяч чалавек выйшлі на вуліцы Мінска супраць інтэграцыі з Расіяй і ні адзін чалавек не выйшаў на акцыю ў падтрымку інтэграцыі. Як маглі б пракаментаваць гэты факт?

СГ: Мы можам яго пракаментаваць, што пры цвёрдым аўтарытарным рэжыме Лукашэнкі праруская палітычная дзейнасць у Беларусі забароненая. А беларускія нацыяналісты выкарыстоўваюцца Лукашэнкам для ўтрымання сваёй улады і лабіявання сваіх інтарэсаў на перамовах.

«НН»: Ці падтрымліваеце вы Уладзіміра Пуціна ў «беларускім пытанні»? На нядаўняй прэс-канферэнцыі прэзідэнт Расіі сказаў, што «рускі і беларускі народ, па-мойму, тое ж самае», а без больш глыбокай інтэграцыі не будзе эканамічнай падтрымкі.

СГ: Нам складана ацэньваць словы Уладзіміра Пуціна, бо папярэднія 20 гадоў Крэмль дапускаў дэрусіфікатарскую палітыку Мінска, падмену гістарычнай памяці народа на памяць захопнікаў Белай Русі. Больш за тое, фактычна аплачваў яе пад размовы пра сяброўства. Было б дзіўна фінансаваць палітыку Мінска, якая прама накіраваную супраць нас і на паглыбленне расколу. Вышэй я вам сказаў у адказе на іншае пытанне, што ў нас з вамі адно паходжанне, адна гісторыя, адна агульная Русь і ніякіх адрозненняў паміж намі, акрамя створаных савецкай уладай і ў часы рэжыму Лукашэнкі, няма.

«НН»: Вы размаўляеце па-беларуску? Чытаеце на ёй?

СГ: У рускай мовы былі розныя дыялекты. Няма ніякага сумневу, што ў Белай Русі гаварылі на рускай мове, і ў часы літоўскага і польскага панавання. Мой дзед мог гаварыць на паўднёва-рускай гаворцы. Не лічу гэты дыялект стратай, рэгіянальныя асаблівасці моў сыходзілі ў мінулае. Нікому не прыйдзе зараз у галаву прыдумляць 20 моў замест французскай. Савецкая ўлада лічыла, што чалавек не свабодны выбіраць мову, на якой чалавеку атрымліваць адукацыю і вучыцца. Так, у 20-я гады жыхароў Віцебскай губерні масава падвяргалі штучнай беларусізацыі, прычым нават у сельскай мясцовасці людзі гаварылі на рускай мове.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?