23 снежня Мікалая Саляніка прысудзілі ў судзе Кастрычніцкага раёна да штрафа ў 45 базавых (1147, 5 рублёў). Яго судзілі па двух правапарушэннях па арт. 23.34 КоАП РБ: за публічны заклік да несанкцыянаванага масавага мерапрыемства і непасрэдны ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. За заклік ён атрымаў 23 базавых і за ўдзел — 22, піша Hrodna.life.

Падтрымаць актывіста прыйшлі каля 15 чалавек: журналісты, праваабаронцы, актывісты. Саляніка судзіла суддзя Алена Тоўсцік-Самойлава. Сведкамі былі супрацоўнікі РАУС, якія здымалі акцыю на відэа, — Шутовіч, Кейзер і Пруднікаў. Яны расказалі, як і калі ўбачылі допіс Саляніка ў фэйсбуку і пацвердзілі, што ён прысутнічаў на акцыі. Суддзя звярнула ўвагу, што Мікалай мае другую групу інваліднасці.

Перад пачаткам пасяджэння актывіст папрасіў пра адвод суддзі.

— Суд прызначаны ўказам прэзідэнта, які не мае паўнамоцтваў. Мы яго не выбіралі і ён не мае паўнамоцтваў. Я вам не давяраю, — заявіў Салянік.

Суддзя ў адводзе адмовіла.

Суддзя зачытала два складзеныя пратаколы. У першым сказана, што Мікалай Салянік у фэйсбуку заклікаў людзей выйсці на акцыю. У другім — што ён 15 снежня ў 14.50 узяў удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве, публічна выяўляючы сваё меркаванне наконт грамадска-палітычнага жыцця па пытанні інтэграцыі Беларусі і Расіі. Узгадалі і пра бел-чырвона-белы сцяг, які быў на Саляніку.

Салянік прызнаў, што ён заклікаў людзей збірацца на акцыю і ўдзельнічаў у мерапрыемстве. Але ён кажа, што не бачыць у гэтым правапарушэнняў. Мікалай спасылаўся на артыкулы Канстытуцыі РБ, якія гарантуюць незалежнасць краіны. Ён сказаў, што не пытаў дазвол на правядзенне акцыі ў гарвыканкаме, бо быў упэўнены, што яго не дадуць. Сярод іншага Мікалай сказаў, што хацеў такім чынам падтрымаць прэзідэнта ў перамовах.

У знак пратэста супраць прысуду актывіст парваў Канстытуцыю ў зале суда. Ці будзе ён абскарджваць рашэнне суда, Мікалай пакуль не ведае.

Мікалая Саляніка дапыталі 21 снежня ў 10.10. Да гэтага пад яго пад’ездам два дні дзяжурылі супрацоўнікі РАУС. Такім жа чынам 20 снежня затрымалі і асудзілі Вадзіма Саранчукова, Сяргея Верамеенку, Ежы Грыгенчу і Уладзіміра Арцымана.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?