У праграме «Аб’ектыў» незалежнага тэлеканалу «Белсат» эканаміст Яраслаў Раманчук разважаў пра наступствы эканамічнага крызісу. На пытанне тэлеканалу якія з праяваў крызісу найбольш небяспечныя менавіта для насельніцтва, эканаміст адказаў наступнае:

«Напрыклад, я ўжо атрымаў такую інфармацыю, што ўжо з 9 сакавіка дэвальвацыя будзе яшчэ на 20%. Таму такім чынам людзі, якія спадзяюцца зарабіць на сваіх укладах, яны таксама атрымаюць яшчэ мінус $ 600 млн. у плечы. Таксама скароцяцца заробкі».

Мы звярнуліся да Яраслава Раманчука па падрабязнасці.

«Я размаўляў з супрацоўнікамі банкаўскай сферы, з бізнесоўцамі. Гаворка вядзецца пра магчымы рост курсу даляра да 3100-3300 беларускіх рублёў.
Самы змрочны прагноз — да 4000 рублёў, але ў гэта слаба верыцца».

Начальнік упраўлення інфармацыя Нацыянальнага банка Анатоль Драздоў на словы Раманчука зазначыў:

«Гэта прыватнае меркаванне спадара Раманчука, якое Нацбанк не падзяляе».

«А чаму не 2 красавіка? Вось жа Пётр Пракаповіч заявіў, што ўсё добра будзе да 1 красавіка, а пра 2-е не сказаў» — смяецца эканаміст Аляксандр Чубрык. А калі сур’ёзна, кажа ён, то ў чарговым прагнозе прасочваецца заўважная паралель з апошняй дэвальвацыяй, якая адбылася акурат у разгар святкавання Новага году, то бок

з такім самым поспехам можна прагназаваць абвал рубля і пасля Вялікадня.
Эканаміст дадае, што асабіста нічога не чуў пра магчымасць правядзення чарговай дэвальвацыі.

***

Нагадаем, што на 2 студзеня Нацыянальны банк Беларусі ўсталяваў афіцыйны курс даляра ЗША на ўзроўні 2 650 рублёў (павысіўся на на +20,45%, быў 2 200 руб), еўра – 3 703 рублі (быў 3 077,14), расійскага рубля – 90 рублёў 16 капеек (быў на 1 студзеня 76,89).

Сямён Печанко

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0