Адмена

Прыхільнікі драматургіі Янкі Купалы былі вельмі здзіўленыя, калі прыйшлі на красавіцкі паказ і пабачылі абвестку пра тое, што спектакль «Тутэйшыя» заменены на пастаноўку «Сымон-музыка» паводле Якуба Коласа.

— Я спецыяльна загадзя набыў квіткі на «Тутэйшых», прыйшоў з сяброўкай, — распавядае Алесь Мазанік. — І раптам абвестка пра замену спектакля!.. Быў расчараваны. «Тутэйшыя» — гэта культавая рэч.

Афіцыйна

Галоўная касірка тэатра Леакадзія Сарока, якая працуе тут ужо не адно дзесяцігоддзе, пацвердзіла, што да канца сезону «Тутэйшыя» ў рэпертуары не прадугледжаныя. Аднак, паводле яе словаў, гэта не звязана з непапулярнасцю пастаноўкі.

— Квіткі на яго раскупляюцца заўсёды! — кажа спадарыня Леакадзія. — Гэта аншлагавы спектакль.

Намесніца дырэктара тэатра Аліна Галуза запэўніла, што «Тутэйшыя» ў рэпертуары абавязкова з'явяцца, толькі... у наступным сезоне. Да гэтай пары будуць рамантавацца неабходныя дэкарацыі і механізмы сцэны. Іх цяперашні стан, паводле словаў адміністратара, небяспечны для працы актораў. Намесніца дырэктара падкрэсліла, што рашэнне пра замену спектакля на іншы было прынятае менавіта з гэтай прычыны. Сярод кампетэнтных супрацоўнікаў тэатра ёсьць меркаваньне, што аднаўленьне спектакля у рэпертуары наступнага сэзону — справа не вырашаная. Кажуць, што пакуль на рамонт няма грошай.

Экспертыза

Мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі размовы пра стан дэкарацый лічыць чарговай спробай выглядаць прыстойна пры дрэннай гульні. На яго думку, не гэта сталася сапраўднай прычынай зняцця твора з рэпертуару.

— Дэкарацыі ў «Сымону-музыку», калі пра гэта казаць, не менш грувасткія і небяспечныя, — разважае спадар Харэўскі. — Спасылка на кепскі стан дэкарацый — традыцыйная нагода, каб адмяніць нязручны для ўладаў спектакль, пастаўлены паводле твору, напісанага ў 20-я гады мінулага стагоддзя. Нязручны, бо ў ім адлюстроўваецца сумная сутнасць і цяперашняй дэнацыяналізаванай Беларусі. Больш за тое, адсутнасць у рэпертуары «Тутэйшых» — цалкам лагічная рэч, зважаючы на антыбеларускую культурніцкую палітыку сённяшняга рэжыму: знішчэнне выдавецітва «Беларуская Энцыклапедыя», ліквідацыя бібліятэкі Саюза пісьменнікаў, выкідванне на сметнік менскай археалагічнай калекцыі... Дэманстрацыя гэтай класічнай пастаноўкі на сцэнах дзяржаўных тэатраў у сённяшніх варунках выглядала б нават дзіўна...

Арцём Лява, Bulletinonline.org

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0