«Наша Ніва» традыцыйна называе людзей, дзякуючы якім гэты год запомніцца і ўвойдзе ў гісторыю.

А вы каго назвалі б Асобай года? Вось спіс кандыдатаў, якіх сёлета прапанавалі журналісты НН:

Вяртанне года — Кастусь Каліноўскі

Вулічных акцый з бел-чырвонам-белымі сцягамі сёлета было нямала: і Дзень Волі ў Гродне, і антыінтэграцыйныя снежаньскія пратэсты. Але ў памяць многім урэжацца падзея, якая адбылася за межамі сучаснай Рэспублікі Беларусь. У канцы лістапада ў Вільні перапахавалі парэшткі Кастуся Каліноўскага і іншых паўстанцаў 1863 года (абсалютная большасць з іх паходзіць з Беларусі).

Каліноўскага знайшлі выпадкова: апоўзень прайшоўся па гары Гедыміна, і з-пад вапны, гліны і пяску праявіліся чалавечыя парэшткі. Менавіта тут царскія ўлады расстрэльвалі паўстанцаў. Сярод тых костак дакладна знайшлі Зыгмунта Серакоўскага (апазналі па сямейным пярсцёнку), а таксама Кастуся Каліноўскага. Больш за 150 гадоў месца пахавання лідара паўстання было невядомым.

Улічваючы важнасць Каліноўскага для беларускай гісторыі, прадстаўнікі інтэлігенцыі прасілі пахаваць яго ў Мінску, але рашэнне было прынятае на карысць Вільні. Якім было здзіўленне, што а 12-й гадзіне працоўнага дня плошча каля Кафедральнага сабора ў Вільні патанула ў бел-чырвона-белых сцягах. Літоўскіх і польскіх была абсалютная меншасць. Беларусы прадэманстравалі, што менавіта для іх гэта была важная і знакавая падзея.

Пахавальная працэсія па старым горадзе ў Вільні пераўтварылася ў шматтысячнае шэсце з бел-чырвона-белымі сцягамі. Каліноўскі знайшоў спачын на могілках Росы, на яго труне надпісы на трох мовах: беларускай, літоўскай і польскай. Гісторыя вяртання Каліноўскага — яскравы прыклад таго, як гэтая гістарычная постаць здольная натхняць і праз шмат гадоў пасля смерці.

Чытайце таксама: «Наша Ніва» назвала людзей года: Севярынцы

Спадарожніца года — Марыя Васілевіч

Кар’ера 22-гадовай «Міс Беларусь» Марыі Васілевіч імкліва папаўзла ўверх, калі на леташнім навагоднім балі ў Палацы Незалежнасці яна станцавала з кіраўніком краіны. Потым Васілевіч стала суправаджаць Лукашэнку на самых розных мерапрыемствах: то на хакеі Аляксандр Рыгоравіч пачубіць Марыю за валасы пасля закінутай шайбы, то ў Бялыніцкім раёне ў калгасе прапануе сесці за крэсла кіраўніка.

У другой палове года нечаканасцю стала тое, што Васілевіч пайшла ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Яна балатавалася па Кальварыйскай акрузе ў Мінску. Марыя адразу стала раздражняльнікам для многіх. Напрыклад, блогер Мікалай Маслоўскі ішоў на выбары пад лозунгам «Пракоцім Машу Васілевіч». За дзяўчыну збіралі подпісы БРСМ-аўцы, а сама яна не тое, каб актыўна ўдзельнічала ў кампаніі. Тым не менш, дэпутацкі мандат Васілевіч займела. Праўда, з самым малым працэнтаў сярод усіх калег па цэху.

Цікава прасачыць за эвалюцыяй Васілевіч. Ці будзе яна камусьці цікавай ужо ў наступным годзе, ці застанецца медыйнай зоркай. Магчымыя любыя варыянты.

Блогер года — Нехта

Год быў адметны ростам папулярнасці тэлеграм-каналаў. Тэлеграм сёння — гэта не толькі сродак сувязі, але і крыніца інфармацыі. На тэлеграмаўскія паведамленні ўжо нават стаў вымушаны рэагаваць Аляксандр Лукашэнка. Ягоная прэс-служба пры дапамозе дзяржаўных журналістаў таксама прыйшлі ў тэлеграм, стварыўшы канал «Пул Першага».

Але самай адметнай з’явай гэтага сегмента стаў 21-гадовы Сцяпан Пуціла, які выбраў для сябе шматзначны псеўданім Нехта. Сцяпан праз крымінальную справу з’ехаў з краіны, цяпер жыве ў Польшчы. Ён не абмяжоўвае сябе ў крытыцы ўладаў, што многім вельмі падабаецца. Ягоны фільм «Лукашэнка. Крымінальныя матэрыялы» доўга трымаўся ў топе беларускага ютуба, а потым быў прызнаны экстрэмісцкім. Пуціла нават спрабаваў выводзіць людзей на вуліцы.

Папулярнасць тэлеграм-канал Нехта (больш за 180 тысяч чалавек) набраў пасля рэзананснага самазабойства міліцыянера ў Магілёве. Сцяпан першым зліў інфармацыю пра здарэнне ў сябе. Праўда, ёсць у гэтага медаля і іншы бок. Часта ў канале друкуецца хлуслівая інфармацыя, як было са старшынёй Слонімскага райвыканкама. Пасля чаго іншыя СМІ, што даверылася Нехту, былі вымушаныя заплаціць штрафы. Ну і кантэнт яўна прасеў пасля таго, як за кратамі апынуўся яго памагаты Уладзімір Чудзянцоў.

Назіральнік года — Юрый Вашчанчук

Парламенцкія выбары адзначыліся не толькі абраннем Марыі Васілевіч і поўнай адсутнасці ў Палаце апазіцыянераў, але і сумленнай і самаадданай працай назіральнікаў. Цэнтрвыбаркам і іншыя прадстаўнікі ўладаў сцвярджаюць, што фальсіфікацый у нас няма. На справе ж на ўчастках людзі сутыкаюцца з самым розным.

Гэтая гісторыя адбылася ў Брэсце. Хлопец-назіральнік Юрый Вашчанчук не разгубіўся і зняў на тэлефон, як дзяўчына выходзіла з кабінкі з цэлым стосам бюлетэняў. Дзяўчыну тую завуць Настасся Кулічкова, яна працуе псіхолагам у дзіцячым садку. Цікава, што старшынёй камісіі на гэтым участку была загадчыца таго самага садка.

І гэта з’ява вельмі распаўсюджаная ў буйных гарадах, калі на адным участку сядзяць людзі з адной і той жа працы, але высунутыя ад самых розных партый і арганізацый. Гэтую схему выявіў і распісаў кіраўнік АГП Мікалай Казлоў.

Пра тое, што Вашчанчук здзейсніў варты ўчынак, сведчыць хаця б нервовая рэакцыя ўладаў. «Правакацыя» — гэта было ці не самае мяккае слова, якое ўжывалася датычна сітуацыі.

Аванс года — Юрый Караеў

Папярэдняга міністра ўнутраных справаў Ігара Шуневіча не любіў ніхто. Тут усё было ў сукупнасці: і гарадавы, і дзіравыя, і дэкрэт аб дармаедах. Хіба што Лідзія Ярмошына магла пераўзыходзіць Шуневіча ў такім сумніўным рэйтынгу. У чэрвені Шуневіч быў адпраўлены ў адстаўку. Ясная справа, што на яго фоне любы зменшчык здасца проста глытком паветра.

Юрый Караеў, які прыйшоў у крэсла міністра з пасады камандуючага ўнутранамі войскамі, сходу пачаў задумвацца пра імідж структуры. Ужо праз 100 дзён працы Караева можна было казаць, што ведамства стала больш адкрытым і ветлівым. Новы міністр адразу сказаў, што за здымкі з гарадавым «нічога не будзе». І ўвогуле пакуль у асобе Караева бачым міліцыю «з чалавечым тварам». Разумеем, што пакуль рабіць глабальныя высновы рана. Але тэндэнцыі на сёння пазітыўныя.

Рэвізор года — Міхаіл Бабіч

«Да пабачэння, наш ласкавы Міша, вяртайся ў свой казачны лес». Здаецца, пасля таго, як пасол Расіі ў Беларусі Міхаіл Бабіч з’ехаў назад у Маскву, такія каментары маглі пісаць прадстаўнікі і ўладаў, і апазіцыі. Наконт Бабіча пазіцыі ва ўсіх былі аднолькавымі. Пасол Бабіч за кароткі час змог прыцягнуць да сябе шматлікую народную нелюбоў і абурэнне.

Складвалася ўражанне, што Бабіч паводзіць сябе ў Беларусі, нібыта не ён у гасцях, а наадварот. Ён калясіў па ўсёй краіне, заязджаў на прадпрыемствы, прымаў у сябе чыноўнікаў і апазіцыю («Гавары праўду» ж яшчэ лічыцца апазіцыяй?). У эфіры БТ падчас інтэрв’ю ён так раскідваў ногі, што нават у метро такога мэнспрэдынгу вы маглі не бачыць. Калі б Масква не адклікала Бабіча, то праз пару месяцаў гэта магло б скончыцца дыпламатычным скандалам і дэпартацыяй Бабіча. Ягоны наступнік — пасол Мезенцаў — паводзіць сябе нашмат больш прыязна да беларусаў.

Мем года — абасраныя каровы

Пра тое, што кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка вельмі часта наведвае «пацёмкінскія вёскі», гаварылася ўжо вельмі шмат і даўно. Але часам ягоны маршрут усё ж адхіляецца ад зададзенага і тады пачынаюць адбывацца самыя разнастайныя рэчы. Самы рэзанансны выпадак адбыўся на СПК «Купалаўскі» Шклоўскага раёна.

Лукашэнка быў у шоку ад умоваў, у якіх утрымліваюцца каровы ў гаспадарцы, ён нават параўнаў гэта з канцлагерам. У выніку праз «абасраных кароваў» у адстаўку быў адпраўлены старшыня Магілёўскага аблвыканкама, памочнік па Магілёўшчыне, а таксама старшыня Шклоўскага райвыканкама. Ну а з «абасранымі каровамі» сталі параўноўваць не толькі беларускую сельскую гаспадарку, але і эканоміку ў цэлым.

Перамога года — акумулятарны завод у Брэсце

Фота euroradio.fm

Фота euroradio.fm

У пачатку 2018 года жыхары Брэста сталі штонядзелю выходзіць на цэнтральную гарадскую плошчу, каб пакарміць галубоў. Здавалася б, зусім бяскрыўдныя дзеянні, але за іх затрымлівалі людзей, судзілі, адпраўлялі на суткі. Справа ў тым, што такім арыгінальным чынам берасцейцы выказваліся супраць экалагічна шкоднага акумулятарнага завода, які паўстаў на ўскрайку горада.

Бесперапынная барацьба дала плён: завод так і не запрацаваў. Ягоны ўласнік быў адпраўлены пад варту. І нават кіраўнік краіны падчас наведвання Брэста ў час святкавання 1000-годдзя горада зазначыў, што ён на баку людзей.

Змаганне з заводам скончылася не толькі перамогай, яно адзначылася з’яўленне ў паўднёва-заходнім абласным цэнтры цэлага шэрагу моцных рэгіянальных лідараў, лічыцца з якімі цяпер давядзецца ўсім.

Прызнанне года — Юрый Гараўскі

У апошні месяц года інфармацыйную прастору ўзарвалі прызнанні былога спецназаўца Юрыя Гараўскага, які з’ехаў жыць у нямецкамоўныя Альпы. Баец кажа, што ўдзельнічаў у выкраданні і забойстве Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. І хоць Гараўскі мала чаго сказаў новага, але ягоныя словы зноў прыцягнулі ўвагу да справаў 20-гадовай даўніны.

Дзмітрый Паўлічэнка, якога Гараўскі называе непасрэдным выканальнікам забойства, спачатку казаў, што ведае Гараўскага, потым, што не ведае, пасля — зноў, што ведае. Тым не менш, Следчы камітэт нават аднавіў крымінальную справу Захаранкі. Цікава, ці дасць Гараўскі ўсё ж паказанні ў судзе?

Трагедыя года — забойства ў Стоўбцах

Фота svaboda.org

Фота svaboda.org

Гэтае здарэнне ў невялікім райцэнтры Мінскай вобласці ўзбударажыла ўсю краіну. Школьнік забіў настаўніцу гісторыі і іншага школьніка. Такое звычайна можна пачуць пра ЗША ці нейкую іншую краіну, але каб тут у нас такое здарылася. Невядомыя матывы таго забойства, невядома, што забойцу стукнула ў галаву. Але дваіх людзей не стала. Забойца атрымаў трынаццаць гадоў калоніі.

Чытай яшчэ: Чаму ён? Бацька хлопца, якога забілі ў Стоўбцах, падрабязна расказаў пра сына і дзень яго смерці

Музыка года — Макс Корж

Калісьці ён пачынаў спяваць беларускамоўны рэп, але ў яго не паверылі. Ягоныя трэкі «Тата Лунінец» і «Краіна мараў» усё яшчэ вісяць на ютубе. Пасля гэтага Корж моцна пераарыентаваў сваю творчасць і выйшаў пакуль на недасягальныя для іншых беларускіх музыкаў вышыні.

Сёлета Корж даў вялікі сольны канцэрт на стадыёне «Дынама» (білеты раскупілі задоўга да імпрэзы). Тры з паловай гадзіны тысячы людзей падпявалі за Каржом «Жыць у кайф», «Неба дапаможа нам», «Горы па калена», «Аптыміст» і шмат іншага.

Корж — самы закрыты музыка постсавецкай прасторы. Ён зусім не дае інтэрв’ю. Мала хто ведае, што ў галаве ў Каржа. Тым не менш, кожнай сваёй новай працай ён падкрэслівае тое, што ён беларус: то ў кліпе мільгане бчб-сцяг, то падручнік беларускай мовы, а то самі героі гавораць па-беларуску.

Сыход года — Васіль Сёмуха

Сярод мноства смерцяў гэтага года хочацца асаблівую ўвагу звярнуць на адыход перакладчыка Васіля Сёмухі. Гэты чалавек адзін рабіў працу цэлага інстытута. Сёмуха пераклаў на беларускую Біблію. Але і гэта было не ўсё, цэлы шэраг нямецкамоўных аўтараў, дзякуючы яму загучаў па-беларуску: Гётэ, Шылер, Гофман, Ніцшэ, Брэхт, Гесэ, Зюскінд і іншыя. Дзядзьку Васілю было 83 гады.

Функцыянер года — Аляксандр Зайцаў

У спорце год атрымаўся небагатым на падзеі. Нельга вылучыць атлетаў, якія паказалі супердобрыя вынікі і праславілі краіну. У гады, калі няма Алімпіядаў, так бывае часта. Затое ў футбольным чэмпіянаце адбылася змена караля. Трынаццацігадовая гегемонія БАТЭ падышла да сканчэння разам з смерцю Капскага. Новы футбольны кароль — «Дынама» (Брэст).

За перамогай берасцейцаў стаіць харызматычны бізнэсовец Аляксандр Зайцаў, які ўзяў каманду ў складаныя часы, а ў выніку зрабіў каманду чэмпіёнам. Да самога Зайцава ў заўзятарскім асяроддзі не самае адназначнае стаўленне, але можна смела сказаць, што ён зрабіў наш футбол больш цікавым.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?