Аляксандр Лукашэнка 30 снежня падпісаў указ №492, які спрашчае некаторыя адміністрацыйныя працэдуры, піша БелТА.

Так, адмяняецца неабходнасць афармлення талона да вадзіцельскага пасведчання і сертыфіката аб праходжанні дзяржаўнага тэхагляду транспартных сродкаў, рэгламентуецца працэдура выдачы міжнароднага вадзіцельскага пасведчання.

Скарачаюцца тэрміны выканання працэдур, звязаных з пастаноўкай на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, а таксама вызначаецца бестэрміновы час дзеяння рашэння аб прызнанні жылога памяшкання неадпаведным устаноўленым санітарным і тэхнічным патрабаванням (цяпер ён складае шэсць месяцаў).

Указ спрашчае парадак пастаноўкі грамадзян на консульскі ўлік, прадугледжваецца адмова ад спагнання платы за рэгістрацыю іншаземцаў, якія часова знаходзяцца ў Беларусі, у выпадку звароту за такой рэгістрацыяй праз адзіны партал электронных паслуг.

Замацоўваецца правамернасць прадстаўлення копіі пашпарта замест арыгінала пры звароце ў падатковыя органы за ажыццяўленнем шэрага адміністрацыйных працэдур. Гэта дасць магчымасць грамадзянам падаваць заявы ў электронным і пісьмовым выглядзе без асабістага наведвання падатковых органаў.

У мэтах захавання тайны ўсынаўлення замест копіі рашэння суда аб усынаўленні можна будзе прадставіць выпіску з такога дакумента.

Акрамя таго, уводзяцца новыя адміністрацыйныя працэдуры, неабходныя для рэалізацыі грамадзянамі сваіх правоў, выключаюцца працэдуры, што страцілі сваю актуальнасць, напрыклад, па выдачы рашэнняў аб прыватызацыі жылых памяшканняў.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?