Гурт ##### (5diez) быў заснаваны ў 2001 годзе ў Віцебску. Праз два гады музыкі перабраліся ў Маскву, каб скарыць музычны алімп. Можна ўпэўнена казаць, што ў віцебчукоў усё атрымалася — больш за пятнаццаць гадоў яны застаюцца топавым гуртом на постсавецкай метал-сцэне з шасцю паспяховымі альбомамі ў сваёй дыскаграфіі. Іх уплыў на альтэрнатыўную рускамоўную музыку, для неаматараў цяжкога року, можна параўнаць з уплывам «Ляпіса Трубяцкога» або Макса Каржа ў сваіх стылях. І ўвесь гэты час гурт падкрэслівае сваё паходжанне, часам іх нават называюць «дысідэнтамі з Беларусі».

##### адмыслова прыехалі для здымак праграмы Belsat Music Live і ў сваім жывым сэце сыгралі свае найбольш вядомыя хіты, песні з новага рэлізу, а таксама беларускамоўную версію песні «Дождж», пераклад якой зрабіў Сяргей Балахонаў.

Акрамя гэтага, у «дыезаў» атрымалася жывая размова з вядучай праграмы Мірай Шульц — музыкі распавялі пра свой ад’езд з Беларусі на пачатку нулявых і пра тое, што змянілася на радзіме за гэты час, адрэспектавалі суайчыннікам з гуртоў ЛСП і IOWA. Таксама гурт адказаў на пытанні пра магчымую інтэграцыю з Расіяй, сітуацыю ва Украіне і імавернасць канцэртаў у Крыме, а вакаліст Жэня Белавусаў распавёў пра тое, што яму нагадалі праз 11 гадоў стаць прэзідэнтам Беларусі. Усё гэта і шмат чаго яшчэ ў выпуску Belsat Music Live.

Belsat Music Live — гэта аўтарскі праект Сяргея Будкіна. Штотыдзень на тэлеканале «Белсат» айчынныя і замежныя музыкі граюць ужывую ў студыі, а таксама размаўляюць з вядучымі пра сваю творчасць. 

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?