Бацьку экаактывісткі Грэты Тунберг не падабаецца, што яго дачка стала адной з самых вядомых фігур у барацьбе з глабальным змяненнем клімату, піша BBC.

Свантэ Тунберг лічыць, што ёй не трэба было прагульваць школьныя заняткі, каб удзельнічаць у акцыях пратэсту.

Паводле яго слоў, Грэта адчувае сябе нашмат шчаслівейшай, стаўшы актывістам, але яе хвалюе нянавісць нядобразычліўцаў.

У інтэрв'ю ён сказаў, што яго дачка тры ці чатыры гады жыла ў дэпрэсіі. Яна перастала размаўляць і хадзіць у школу.

Тунберг распавёў, што ў нейкі момант Грэта пачала адмаўляцца ад ежы, і гэта стала кашмарам для бацькі.

Тады Свантэ Тунберг вырашыў, што трэба нешта мяняць, і пачаў праводзіць больш часу з Грэтай і яе малодшай сястрой Беатай.

Маці дзяўчынак, оперная спявачка і былая ўдзельніца конкурсу «Еўрабачанне» Малена Эрнман, адмовілася ад выступаў і таксама пачала праводзіць больш часу з сям'ёй.

Бацькі звярнуліся па дапамогу да дактароў. Чатыры гады таму Грэце дыягнаставалі сіндром Аспергера.

Члены сям'і зацікавіліся праблемамі аховы навакольнага асяроддзя, а для Грэты ідэя барацьбы за экалогію пачала набываць усё большы сэнс.

Пры гэтым яна называла крывадушнікамі сваіх бацькоў, якія займаліся праваабарончай дзейнасцю.

«Грэта сказала, правы якіх людзей вы адстойваеце, калі для вас пытанне клімату не такое надзённае?» — распавёў Тунберг.

Бацькі Грэты вырашылі памяняць звычкі, каб скараціць сваё негатыўнае ўздзеянне на прыроду.

Напрыклад, яе маці перастала лётаць на самалётах, а бацька стаў веганам. Дзяўчынку гэтыя змены літаральна акрылілі, адзначыў Тунберг.

Ён пераплыў акіян на паруснай яхце разам з дачкой, якая ўзяла ўдзел у самітах ААН па клімаце ў Нью-Ёрку і Мадрыдзе.

«Я ўсё гэта рабіў, і я ведаў, што гэта правільна… Але я рабіў гэта не для захавання клімату, я рабіў гэта, каб выратаваць сваё дзіця», — прызнаўся Тунберг.

Ён сказаў, што дзякуючы свайму захапленню актывізмам Грэта змянілася і стала вельмі шчаслівая.

Пасля таго, як Грэта прагуляла школу дзеля акцыі пратэсту, відэа з якой стала вірусным у інтэрнэце, у яе з'явілася шмат нядобразычліўцаў, якія не хочуць мяняць свае звычкі дзеля выратавання навакольнага асяроддзя, патлумачыў Тунберг.

Бацька сказаў, што яго асабліва турбуюць фэйкавыя навіны, а таксама ўсё тое, што людзі спрабуюць сфабрыкаваць пра яе, вынікам чаго становіцца нянавісць.

Але ён дадаў, што яго дачка ўспрымае крытыку вельмі добра.

Тунберг спадзяецца, што ў будучыні ўвага да яго сям'і зменшыцца. На яго думку, Грэта хоча вярнуцца ў школу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0