Старшыня польскага Саюза габрэйскіх рэлігійных суполак Кляра Каладзейская-Полтын і галоўны рабін Польшчы Міхаэль Шудрых зрабілі заяву адносна абвінавачванняў прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна на адрас Польшчы ў тым, што яна вінаватая ў развязванні Другой сусветнай вайны. Аб гэтым піша газета Rzeczpospolita.

Кіраўнікі польскіх юдэяў назвалі словы Пуціна пра ролю Варшавы ў развязванні Другой сусветнай вайны скандальнай маніпуляцыяй. Па іх словах, яўрэяў асабліва абурае выкарыстанне для маніпуляцыі нататкі амбасадара Польшчы ў Трэцім рэйху Юзафа Ліпскага, які ў 1938 годзе ўхваліў ідэю Адольфа Гітлера выслаць еўрапейскіх габрэяў у Афрыку.

Прадстаўнікі габрэйскай грамады нагадалі, што Польшча сапраўды падтрымала эміграцыю 10 адсоткаў свайго габрэйскага насельніцтва, аднак зрабіла гэта часткова ў супрацоўніцтве з сіянісцкім рухам, галоўнай ідэяй якой было аб'яднанне і адраджэнне яўрэйскага народа на яго гістарычнай радзіме — у Ізраілі. Руху, якому Польшча таемна аказвала ваенную падтрымку. У той жа час ў 1938 годзе, калі Трэці рэйх выгнаў тысячы польскіх габрэяў, польскія дыпламаты, у тым ліку асабіста Ліпскі, дапамагалі ім. «Вінаваціць яго ў антысемітызме, грунтуючыся на адным сказе, вырваным з кантэксту, вельмі безадказна», — заявілі польскія габрэі.

У заяве ўказана, што фальсіфікацыя гісторыі пагражае сучаснай еўрапейскай ідэнтычнасці. Габрэйская грамада звярнула ўвагу на тое, што нямецкія ўлады не хаваюць праўду пра вайну. Таго ж яны пажадалі і расейскім уладам.

30 снежня прэм'ер-міністр Польшчы Матэуш Маравецкі заявіў, што Пуцін наўмысна спрабуе абылгаць Варшаву дзеля геапалітычных мэтаў.

Тэма перадваеннай палітыкі шэрагу еўрапейскіх дзяржаў была нечакана закранутая Пуціным на снежаньскім саміце з удзелам лідараў краін СНД. Агулам негатыўную ацэнку ролі Польшчы Пуцін за апошнія тыдні паўтарыў чатыры разы, у тым ліку на пашыраным пасяджэнні калегіі Міністэрства абароны Расіі. Словы Пуціна далі старт для масавай антыпольскай кампаніі ў расійскіх СМІ. Аналітыкі разыходзяцца ў ацэнцы прычын, чаму такая атака на Польшчу адбылася менавіта цяпер.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?