Пра перанос візіту паведаміў прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз.

«У сувязі з сітуацыяй з пасольствам ЗША ў Іраку дзяржаўны сакратар ЗША Майк Пампеа ў бліжэйшы час будзе вымушаны знаходзіцца ў Вашынгтоне. У гэтай сувязі рэалізацыя шэрагу мерапрыемстваў, у тым ліку планаванага на 4 студзеня візіту ў Беларусь, пераносіцца на іншыя тэрміны. Над іх канкрэтызацыяй мы актыўна працуем цяпер з амерыканскімі калегамі», — паведаміў Анатоль Глаз.

Адначасова стала вядома, што адкладаюцца і візіты Пампеа ў Кіеў і Ташкент.

Перанос звязаны з абвастрэннем сітуацыі ў Іраку, дзе праіранскія сілы атакавалі пасольства ЗША. Вашынгтон быў вымушаны дадаткова перакінуць у Ірак 750 вайскоўцаў.

Пампеа планаваў наведаць па чарзе Украіну, Беларусь, Казахстан, Узбекістан і Кіпр.

Візіт у Беларусь разглядаўся як праява нармалізацыі адносін між дзвюма краінамі на фоне патрабаванняў Масквы перайсці да «паглыбленай інтэграцыі» між дзвюма дзяржавамі.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?