Карлас Гон у 2013 годзе. фота Andrei Kholmov, Shutterstock.com.

Пакуль няясна, хто дапамог Карласу Гону ўцячы з Японіі. Але гісторыя нагадвае трылер у стылі cinéma du look.

Былы кіраўнік Nissan Карлас Гон быў вывезены з Японіі, дзе ён утрымліваўся пад хатнім арыштам у чаканні суда па абвінавачванні ў фінансавых парушэннях, у скрынцы для перавозкі музычных інструментаў. Яго ўцёкі былі здзейснены групай, паведаміў у аўторак ліванскі тэлеканал MTV.

Чаму ліванскі? Таму што Гон хоць і нарадзіўся ў Бразіліі, але мае ліванскія карані і пашпарт, акрамя французскага і бразільскага.

Паводле інфармацыі ліванскага тэлеканала, група, якая вывезла Гона, трапіла ў ягоны дом у ціхім і прэстыжным, як піша агенцтва Ройтэрз, раёне Токіа, пад выглядам музыкаў і транспартавала яго ў адной са скрынак.

Топ-мэнэджара прывезлі ў невялікі аэрапорт у правінцыі, адкуль ён вылецеў у Турцыю, пасля чаго на прыватным самалёце адправіўся ў Ліван. Па дадзеных прэсы, легальна перасячы мяжу Гон не мог, бо ўсе тры яго пашпарты — ліванскі, французскі і бразільскі — у яго былі забраныя.

У Ліване топ-менеджар ужо сустрэўся з прэзідэнтам краіны Мішэлем Наімам Ауном і атрымаў гарантыі бяспекі. Гон, як і Аун, выхадзец з хрысціянскай грамады Лівана. Як адзначае MTV, паміж Ліванам і Японіяй няма пагаднення аб экстрадыцыі.

65-гадовы Гон лічыўся адным з самых таленавітых топ-менеджараў аўтамабільнай індустрыі і быў, без сумневу, адным з самых высокааплатных. Ён узначальваў альянс Renault і Nissan. Доўгі час меркавалася, што ён аздаравіў Nissan і ўратаваў яго ад банкруцтва. Аднак японскі бок урэшце пабачыў у адносінах Renault і Nissan нераўнапраўе і пагрозу пераходу апошняга пад поўны кантроль першага. Renault — гэта дзяржаўная французская кампанія.

Карлас Гон быў нечакана затрыманы ў Японіі восенню 2018 года, яго некалькі разоў заключалі пад варту і вызвалялі пад заставу, апошні раз — у сакавіку 2019-га. Згодна з умовамі вызвалення пад заставу, яму забаронена пакідаць Японію, кантактаваць са сваёй жонкай Кэрал і кіраўнікамі дылерскіх цэнтраў Nissan ў Амане і Ліване. Яго абвінавачваюць ва ўтойванні даходаў на суму 80 мільёнаў даляраў і ў тым, што ён пераклаў на Nissan асабістыя страты на 16 мільёнаў даляраў. Гон не прызнаў абвінавачанняў.

Сам Гон ў кароткай заяве, распаўсюджанай 31 снежня, пацвердзіў, што знаходзіцца ў Ліване, і падкрэсліў, што больш «не будзе ў закладніках сфальсіфікаванага японскага правасуддзя». «Я не бег ад правасуддзя — я ўцякаў ад несправядлівасці і палітычнага пераследу», — дадаў ён.

Аўтарытэт Гона ў свеце ўпаў, але не ў Ліване — там ён застаецца папулярным чалавекам. Многія ліванцы нават звязваюць з ім надзеі на выхад краіны з перманентнага палітычнага і эканамічнага крызісу.

Генеральны дырэктарат грамадскай бяспекі Лівана ў сваёй заяве 31 снежня паведаміў, што, хаця існуе «шмат інтэрпрэтацый» наконт таго, як Гон трапіў у краіну, ён зрабіў гэта «законным спосабам». У заяве гаворыцца таксама, што «няма падстаў, каб супраць яго былі прынятыя нейкія захады або каб ён пераследаваўся па законе». Больш ніякіх дэталяў у заяве няма.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?