Свабода паразмаўляла з класнай кіраўніцай і аднакласнікамі хлопца, які размясціў на Youtube зварот і ўзяў на сябе адказнасць за напад на міліцыянтаў у Верхнядзвінску.

Афіцыйнай інфармацыі пра асобу нападніка і падрабязнасцяў пра здарэнне няма.

Аўтару відэа Г. 18 гадоў. Ён са Смаргоні і летась скончыў школу.

Алена Яўгенаўна, былая класная кіраўніца Г., вельмі засмучаная навінамі пра хлопца.

«Я шчыра шкадую, што яго ніхто не спыніў. Ён з нармальнай сям’і. Маці працуе. На жаль, бацькі развяліся, але цяпер такіх сем’яў шмат, і гэта не падстава казаць, што яму нечага не хапала».

Як даведалася Свабода, бацька Г. — прадпрымальнік Юрый. Ён уладальнік некалькіх крамаў у Смаргоні.

Алена Яўгенаўна кажа, што Г. не мог наладжваць адносіны з аднакласнікамі, не меў сяброў. Ён памяняў некалькі школ і ў класе Алены Яўгенаўны вучыўся апошнія два гады.

«Гэта быў ваенна-патрыятычны кляс. Мы спадзяваліся, што яму будзе цікава. Г. заўжды захапляўся гісторыяй. У яго трэцяе месца на абласной алімпіядзе па гісторыі ў 11-й клясе. Мы вельмі ганарыліся ім. Але з іншымі дзецьмі ў яго аніякіх кантактаў не было. Абсалютна. Ён сам па сабе, такі воўк-адзіночка».

Знаёмыя ў размове са Свабодай характарызуюць Г. як агрэсіўнага чалавека.

«Гэты хлопец быў вельмі закрыты! Таму мы не кантактавалі, і я яго не ведаў! Але ў школе ён часта пагражаў нам. Мы лічылі, што гэта ўсё жарт», — распавядае былы аднакласнік Г.

Алена Яўгенаўна кажа, што з ім было цяжка працаваць, у яго ўвесь час былі канфлікты з аднакласнікамі і настаўнікамі. «Непакладзісты, неадаптаваны да жыцця ў грамадстве», — кажа пра былога вучня настаўніца.

«Вельмі інтэлектуальна развіты, прамы, зусім не ўмее хітраваць. У мяне такое пачуццё, што ён не гэтага часу дзіця. Калі б ён жыў у XVII стагоддзі, біўся б на дуэлях, можа, у больш дэмакратычным грамадстве сябе неяк праяўляў… Але ў гэтым грамадстве яму было вельмі некамфортна».

Паводле словаў іншага аднакласьніка, Г. гуляў у камп'ютарную гульню Counter-Strike, хадзіў у музычную школу і граў на гітары.

«Ён сам вельмі разумны. Перамагаў на алімпіядах. Але па адзнаках, што было дзіўна, у яго не вельмі добра ўсё было. Ён ведаў, як што рабіць, але не рабіў. Ён тупа сядзеў і не пісаў. Заўсёды ў школу спазняўся хвілін на 20, кожны дзень, рэдка калі своечасова прыходзіў. Яго мама казала, што гэта з прычыны таго, што яму не падабалася, калі на яго ўсе глядзяць. Маўляў, раніцай шмат людзей у школе», — кажа знаёмы Г.

Ён дадае, што сяброў у Г. не было.

«Былі ўмоўныя. Аднакласнікі зь іншай школы, з якімі ён пару словамі перакінуўся і ўсё».

Алена Яўгенаўна мяркуе, што ў Г. былі не такія простыя адносіны з маці. У сям’і таксама ёсць дарослы старэйшы брат. Аднак Г. заўжды быў дагледжаным дзіцём, маці актыўна цікавілася яго жыццём. Бацьку Г. класная кіраўніца ніколі не бачыла і не ведае, ці падтрымлівае ён адносіны з хлопцам. Паводле яе зьвестак, бацькі Г. развяліся, калі той вучыўся ў 5-й класе. Пакуль Свабодзе не ўдалося звязацца зь імі.

Вучыўся Г. добра. Пасьля школы нібыта паступіў у Полацкі ўніверсітэт (гэта пацвердзіць не ўдалося — РС). Дзе ён мог пазнаёміцца з ідэямі, якія падштурхнулі яго да гэтага ўчынку, настаўніца нават не ўяўляе.

«Адзіночка», — кажа пра Г. былая настаўніца. — Нейкая нервовасць у ім была, сум у вачах. Магчыма, нават нешта на ўзроўні псіхікі. Гэта было праблемнае дзіця».

Алена Яўгенаўна вельмі шкадуе пра тое, што здарылася з былым вучнем.

«Ён мог бы стаць вучоным, зрабіць кар’еру. А цяпер гэта паламаны лёс на самым узлёце — ці турма, ці псіхушка».

Міліцыя настаўніцу яшчэ не апытвала.

Раніцай 1 студзеня з'явілася інфармацыя, што 18-гадовы хлопец пры затрыманні раніў двух супрацоўнікаў Дэпартамента аховы. Пазней знайшоўся відэазварот Г. на Youtube, а таксама канал у Telegram. Паводле непацверджанай інфармацыі, перад затрыманнем хлопец кінуў у будынак Верхнядзвінскага дэпартамента аховы бутэльку з падпальнай вадкасцю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?