kremlin.ru
Себасцьян Курц ізноў узначаліў Аўстрыю, заняўшы пасаду канцлера краіны насуперак леташняму палітычнаму скандалу з «пляменніцай рускага алігарха».
Прэзідэнт Аўстрыі Александар ван дэр Бэлен прывёў Курца да прысягі. Раней ён як лідар «Аўстрыйскай народнай партыі» (АНП) змог дамовіцца аб урадавай кааліцыі з «Зялёнымі». У 2019 годзе АНП перамагла на датэрміновых выбарах, набраўшы 38,4 адсотка галасоў.
Курца ўжо нават павіншаваў Лукашэнка.
«Разлічваю на працяг плённага і давернага дыялогу з вамі», — напісаў беларускі кіраўнік.
Курц — на сёння самы малады кіраўнік урада ў свеце. Яму 33 з паловай гады (нарадзіўся 27 жніўня 1986 года). Некалькі месяцаў самым маладым на сёння кіраўніком урада была прэм'ер Фінляндыі Сана Марын. Але яна на дзевяць месяцаў старэйшая за Курца.
Першы ж раз Курц узначаліў урад Аўстрыі, калі яму быў 31.
А ўвогуле самым маладым у гісторыі кіраўніком урада быў прэм'ер Ліхтэнштэйна Марыа Фрык. Яму тады было 29 гадоў.