Рамонт на ўчастку нафтаправода Мазыр — Брэст-3 не паўплывае на агульныя аб'ёмы транзіту расійскай нафты ў Еўропу. Пра гэта заявіў журналістам першы намеснік гендырэктара — галоўны інжынер ААТ «Гомельтранснафта Дружба» Андрэй Вярыга, піша БЕЛТА.

«Інтарэсы купцоў нафты ў Польшчы і Нямеччыне не будуць ушчэмленыя. Усё ўзгоднена. Больш за тое, рамонт участку ніткі ў Мазырскім раёне супадае з аналагічнымі працамі ў Расіі. Уся прадукцыйнасць ланцужка ад Самары да Польшчы зніжана да абумоўленых аб'ёмаў», — падкрэсліў Андрэй Вярыга.

Як паведамлялася, прадпрыемства прыступіла да рамонту на ўчастку нафтаправода Мазыр — Брэст — 3. Рамонту падлягаюць 17-й і 30-ы км трубаправода. Падчас дыягностыкі тут было знойдзена значнае назапашванне аднародных дэфектаў у рамках адной секцыі. «Акрамя таго, участкі знаходзяцца ў зоне з высокай антрапагеннай актыўнасцю паблізу населеных пунктаў і вадаёмаў. Гэтым абумоўлены істотныя экалагічныя рызыкі дзейнасці прадпрыемства», — растлумачылі ў ААТ «Гомельтранснафта Дружба».

Прадугледжана таксама замена секцый агульнай працягласцю 40 м. Работы плануецца завяршыць 17 студзеня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0