Супрацоўнікі ўпраўлення па забеспячэнні эканамічнай бяспекі дзяржавы галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю (ГУБАЗ) МУС Беларусі падчас праверак аператыўнай інфармацыі выявілі факт рэйдэрскага захопу ААТ «Барысаўжылбуд».

Пра гэта паведамілі БелаПАН ва ўпраўленні ГУБАЗ.

У адпаведнасці з комплекснай праграмай развіцця будаўнічай галіны, зацверджанай урадам на 2006—2010 гады, была запланавана мадэрнізацыя ААТ «Барысаўжылбуд». Выдзеліць сродкі і ўдзельнічаць у інвестыцыйнай праграме меў намер адзін з беларускіх камерцыйных банкаў, які даручыў гэты бізнес‑праект дзвюм падкантрольным яму камерцыйным структурам.

Як устанавілі супрацоўнікі ўпраўлення па забеспячэнні эканамічнай бяспекі дзяржавы ГУБАЗ, згаданыя камерцыйныя фірмы атрымалі ў банку крэдыт на суму больш за 16 млрд. рублёў — менавіта столькі неабходна было для падтрымкі ААТ «Барысаўжылбуд». Пасля чаго склалі з прадпрыемствам дагавор аб абмене інвестыцыйных сродкаў на акцыі ААТ. Пасля правядзення эмісіі доля дзяржавы ў статутным фондзе ААТ «Барысаўжылбуд» знізілася з 99,7% да 25,1%.

Пра такую сітуацыю супрацоўнікі ГУБАЗ праінфармавалі прэм’ер‑міністра Беларусі Сяргея Сідорскага. Па яго даручэнні работнікі Міністэрства фінансаў правялі праверку, у выніку якой высветлілася, што з заяўленых 16 млрд. рублёў на рахунак прадпрыемства паступіла толькі 3,8 млрд. рублёў, астатнія грошы былі размешчаныя на дэпазітах у тым жа банку.

Як зазначыў аператыўны супрацоўнік ГУБАЗ МУС Беларусі, здзелка, па сутнасці, з’яўлялася рэйдэрскім захопам ААТ «Барысаўжылбуд», бо камерцыйныя фірмы адмовіліся ад выканання абавязацельстваў па мадэрнізацыі ААТ. У сувязі з тым што вялікая частка акцый належала згаданым фірмам, дзяржава ніяк не магла паўплываць на сітуацыю.

Цяпер Міністэрствам архітэктуры і будаўніцтва прыняты меры па вяртанні акцый законным уладальнікам без урону для дзяржаўных інтарэсаў. Нацыянальны банк праводзіць праверку камерцыйнага банка на прадмет законнасці згаданых аперацый. Паводле яе вынікаў будзе дадзена прававая ацэнка дзеянням кіраўніцтва фінансава‑крэдытнай установы.

Аксана Яноўская, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0