Навуковыя арганізацыі і ВНУ Беларусі для правядзення навуковых і доследна ‑канструктарскіх работ могуць ствараць унітарныя прадпрыемствы, якія ў сваю чаргу будуць мець шэраг ільгот.
Такое права прадастаўлена ўказам Прэзідэнта Беларусі ад 9 сакавіка нумар 123 «Аб некаторых мерах па стымуляванню інавацыйнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь», паведамілі БЕЛТА у прэс‑службе кіраўніка дзяржавы.
Унітарным прадпрыемствам дазваляецца самастойна ўстанаўліваць цэны на вырабленую прадукцыю, вызначаць аб’ёмы і віды закупляемых матэрыялаў. Яны таксама вызваляюцца ад абавязковага продажу валюты, выплаты збору ў рэспубліканскі фонд падтрымкі вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі і абкладання ўвазнымі мытнымі пошлінамі на абсталяванне, прызначанае для выканання навукова‑даследчых і доследна‑канструктарскіх работ.
Акрамя таго, прадпрыемствы, што ствараюцца, атрымаюць права на працягу трох гадоў з моманту пачатку вытворчасці навукаёмістай прадукцыі адлічваць да 2 працэнтаў выручкі ад яе рэалізацыі выканаўцам навуковых распрацовак з аднясеннем гэтых адлічэнняў на сабекошт прадукцыі.
Як растлумачылі ў прэс‑службе, рэалізацыя ўказа дасць магчымасць пашырыць інавацыйную інфраструктуру, стварыць новыя рабочыя месцы, прыцягнуць інвестараў і стаць стымулам для актывізацыі інавацыйнай дзейнасці навуковых і навучальных устаноў.
Указ уступае ў сілу з дня яго афіцыйнага апублікавання.