Мікалай Капейкін "Жыццё паўсюды"

Мікалай Капейкін "Жыццё паўсюды"

Мікалай Капейкін "Чалавек-Прусак"

Мікалай Капейкін "Чалавек-Прусак"

1. Апофеоз лубка

Карціны расійскага мастака Капейкіна добра глядзець, калі позні вечар, утульнасць роднага пакою, а тым жа часам далёка-далёка, на чаўнакоўскім аўтобусе «Чаркізаўка-Мінск» мамы і таты ўжо пакінулі краіну развітага гламуру і ўехалі ў межы краіны гламуру дамаляванага. Яны ўжо праехалі Жодзіна і пазванілі на мабілу, што ўсё добра і каб дзеткі ўжо выязджалі з Барысава сустракаць. І ў дзетак ёсць жалезных дзесяць хвілін, каб, занурыўшыся ў абоймы сусветнага павучыння, зірнуць на камедныя карцінкі: nomzhir.spb.ru/kopeykin. А тым жа часам бацькі просяць кіроўцу чаўночнага аўтобуса трошкі падкруціць ручку volume’а. Ось так! «Хорошо, всё будет хорошо». Ноч.

Што б вы хацелі бачыць у сябе на сценцы? Можам прапанаваць лубочны апафеоз, карціну «Начны дазор». Замест палатна ў рамцы вешаецца плазмавы тэлевізар «Гарызонт» і ў рэжыме «паўтор» круцяцца фільмы пра міліцыянераў-ваўкалакаў і мафіянераў-крывасмокаў з высокакультурнымі наездамі на Злучаныя Штаты Ўкраіны і адвечнымі пытаннем «Што рабіць з трупамі?». З мілымі, на 200 адсоткаў, зразумелымі жартамі кшталту: «Калі бутэлька не здаецца, яе знішчаюць». А на другой сценцы той жа манітор з «Братам-2» ці «Бумерам».

Такі вось ён, Капейкін. Мастак, які не хоча і хоча быць дадаткам да мас-культуры. Які паўстае супраць мэйнстрыму і, зачараваны ім, зміраецца. Яшчэ - суаўтар нізкабюджэтнага, але высокамастацкага фільму «Беларуская быль», пра беларуса, які, не дайшоўшы 40 км да Берліну, схапіў у якасці трафея знак «40 км». На гэтым знаку цяпер базуецца сямейны бізнэс: ужо некалькі дзесяцігоддзяў пераапранаючыся ў міліцэйскую форму, нашчадкі байца штрафуюць ліхачоў. А на вячэру, аддзяляючы чырвоную дзюбу і лапкі, ядуць бусла. Лубок пра нас, меджду прочым.

2.Зайцы-іспаліны

У адказ маем свой, падмацаваны усходняй традыцыяй, лубок. Гэта фенаменальныя белгазетаўскія карыкатуры з зайцам. Штодзённыя падзеі пераламляюцца праз заячую прызму. У ім вушасты герой — сярэднестатыстычны беларус, мядзведзь — расеец, птушкі ў цыліндрах — еўрапейскія госці, птахі з вялікай дзюбай — каўказскія ці арыентальныя прыбышы, а малпа — дык увогуле лацінаамерыканскія візіцёры. Але заяц ёсць заяц: у адрозненне ад Капейкіна няма гэтай зьедлівасці, якая ўвесь час пагражае з’есці самую сябе.

Яшчэ навярстаем. Надрукуем. Таму, пакуль у таемных вальерах глыбокіх бункераў, недзе на закінутых вайсковых базах пад Калодзішчамі, гадуюцца нашыя зайцы-іспаліны, чый рост у пяць-сем разоў большы за мядзведзеў, гляньма Капейкіна.

3.Мадыфікацыя анекдоту пра Брэжнева, які наведвае Траццякоўскую галерэю, а экскурсавод яму кажа: «Гэта Пяроў, гэта — Шышкін, а гэта, Леанід Ільіч, Урубель...», на што генсек рэагуе: «У рубель? Харошая карціна... І недарагая».

Такім парадкам, сённяшняя версія таго анекдоту будзе гучаць так: «Мы наведваем перасоўную выставу расійскіх твораў мастацтва. Маскоўскія купцы паказваюць сваю пажыву, якую яны падагналі на тройцы ўзмыленых коней, упрэжаных у каркас першай мадэлі «Жыгулёў». Мы ўсё ходзім, старанна аглядаем, а цяпер увішны, разумны хлопчык-экскурсавод, які дужа нагадвае аўтара праграмы «Намедни», падводзіць нас, барысаўцаў, мінчукоў і магілёўцаў, да карцін Капейкіна ды кажа: «А гэта Капейкін!» І мы шматдумна заўважаем: «Танная карціна... і харошая».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?