19 студзеня адбыўся чарговы з’езд партыі «Зялёныя». Гэта не самая вядомая партыя, якая ў рэальнасці мае некалькі дзясяткаў актывістаў. Былая старшынька Анастасія (Ася) Дарафеева не вылучалася ў старшыні. У такіх умовах новым кіраўніком арганізацыі стаў 45-гадовы бізнэсмен Дзмітрый Кучук.

Ён усяго на два галасы перагнаў эколага Ірыну Сухій. За Кучука прагаласавала 25 дэлегатаў, а за Сухій — 23. Здавалася б, шараговая падзея ў партыйным жыцці, але абранне Кучука выклікала вельмі вострую рэакцыю ў аднаго са стваральнікаў кампаніі «Свежы вецер» Уладзіміра Мацкевіча.

У сваім фэйсбуку Уладзімір Мацкевіч ужо напісаў некалькі допісаў, дзе знішчальна крытыкуе Кучука і выбар партыі. «НН» спыталася ў абодвух бакоў, што стала прычынай гэтага канфлікту?

Уладзімір Мацкевіч. Фота Радыё «Рацыя».

Уладзімір Мацкевіч. Фота Радыё «Рацыя».

«Ды не, мяне не бамбіць. Я яшчэ ў снежні пісаў пра Юшчука з Вілейкі, які вылучыўся ў прэзідэнты, пісаў пра Вольгу Кавалькову, пісаў пра Алену Анісім, бо, ведаеце, над краінай вісіць пагроза страты незалежнасці і змены Канстытуцыі, што прывядзе яшчэ да большай дыктатуры, калі мы не парупімся», — пачынае Уладзімір Мацкевіч.

«Чарговыя выбары з вядомым вынікам, з вядомым махлярствам адцягваюць увагу ад галоўных пагрозаў. Я напісаў невялікі «Маніфест-2020», дзе сярод іншага пазначана пра мобінг, булінг і тролінг тых, хто праз свой эгаізм, бязглуздасць ці вузкакарпаратыўныя інтарэсы не зважае на тыя пагрозы, якія стаяць перад краінай. І нібыта тыя прусакі лезуць удзельнічаць у выбарах. Яны выконваюць абсалютна абстрактную, адарваную ад жыцця павестку, і лічаць гэта палітыкай.

Менавіта таму ў маёй праграме і пазначана пра мобінг і тролінг гэтых мізерабляў [бездапаможная, няшчасная істота — Рэд.]. Тое, што яны робяць, — гэта здрада нацыянальным інтарэсам, на якія сёння ў чарговы раз замахваецца рэжым. Самі па сабе асобы Кучука, Юшчука ці Чэрачаня мяне не цікавяць. Гэта дробныя сошкі, і партыі ў іх не ўплывовыя. Мне цікава, каб людзі ў «Свежым ветры», валанцёры, хто ўвогуле чытае і цікавіцца палітыкай, выпрацавалі сваё стаўленне да пэўных асоб, якія праз свае эгаістычныя інтарэсы ганьбяць нацыяльныя.

А сам Кучук? Ну куды ён лезе? Гэта проста смешна. Калі мы паглядзім на ўплывовых і нечага вартых людзей, якія раней удзельнічалі ў прэзідэнцкіх выбарах — Ганчарык, Мілінкевіч, Някляеў, — то пабачым, што цяперашнія не дацягваюць нават да ранейшага ўзроўню», — сказаў Уладзімір Мацкевіч.

Лідар БСДП «Грамада» Ігар Барысаў у сваім фэйсбуку выказаў здагадку, што Мацкевіч можа быць засмучаны праз тое, што старшынёй партыі не абраная Ірына Сухій, якая ўваходзіць у Каардынацыйны камітэт Нацыянальнай платформы Форуму грамадзянскай супольнасці і з'яўляецца «эксперткай па пытаннях устойлівай энергетыкі і імплементацыі Орхускай канвенцыі ў Беларусі». Да гэтай платформы мае дачыненне і сам Мацкевіч.

«Я не сябра партыі «Зялёныя». Я ўвогуле казаў, што гэтыя дробныя партыі, ці, хутчэй, гурткі па інтарэсах, павінны быць распушчаныя. Бо яны праз свае дробныя карпаратыўныя інтарэсы замінаюць аб’яднанню здаровых сілаў у апазіцыі. Я трошку працаваў з некаторымі актывістамі партыі «Зялёныя». Яны ўдзельнічалі ў мяне ў семінары. Гэта і Ася Дарафеева [былая кіраўніца партыі — Рэд.] і Ірына Сухій, яны ведаюць мае прапановы, добра да іх ставяцца, але я не ўмешваюся ў іх справы», — адзначае Уладзімір Мацкевіч.

Сам Дзмітрый Кучук гэтак каментуе павышаную ўвагу да яго асобы з боку Мацкевіча:

Дзмітрый Кучук. Фота greenbelarus.info.

Дзмітрый Кучук. Фота greenbelarus.info.

«Я стараюся не звяртаць увагу, што кажа Уладзімір Мацкевіч. Справа ў тым, што я не заўсёды разумею ягоныя філасофскія ідэі і тое, што ён кажа. Асабіста з ім у нас дастаткова нармальныя адносіны.

Я б хацеў, каб Уладзімір Мацкевіч скіраваў усю тую энергію, усе тыя словы, якія ён піша ў фэйсбуку, не на апазіцыю, а на ўлады, на прэзідэнта, на прэм’ера, на генеральнага пракурора. Інтэлігентны чалавек не будзе сябе паводзіць так, як гэта робіць Уладзімір Мацкевіч, бо слабых не б’юць», — адзначае Кучук.

Лідар партыі «Зялёныя» гаворыць, што арганізацыя вырашыла ісці не па тым шляху, што прапануе Мацкевіч. «Мы вырашылі развівацца па-іншаму, рабіць большы ўхіл на палітыку, на рэгіянальныя структуры.

Мне здаецца, што можна па-рознаму дабівацца таго, каб у Беларусі былі сумленныя і справядлівыя выбары. Можна па-філасофску разважаць, што выбараў няма, а можна змагацца за тое, каб яны былі. Партыі павінны вылучаць кандыдатаў, займацца назіраннем, змагацца за гэтыя выбары, а не проста разважаць».

Уладзімір Мацкевіч адказвае наступным чынам: «А хіба я мала крытыкую ўлады? Навошта казаць банальныя рэчы? Усё ўжо даўно напісана. Калі спадар Кучук прачытае мой ліст на імя Аляксандра Лукашэнкі, які напісаны яшчэ ў красавіку, то хай сабе скажа, хто больш за мяне выкрываў сутнасць гэтага рэжыму? Сёння ўжо толькі лянівы не крытыкуе ўладу. Але можна гэта рабіць проста словамі, а можна канкрэтнымі дзеяннямі.

Дык вось, для канкрэтных дзеянняў трэба пакінуць убаку свае эгаістычныя і карпаратыўныя інтарэсы: арэнда на офіс партыі, грошы на сайт, раскруціцца падчас выбараў. І вось гэтыя эгаістычныя інтарэсы яны ставяць вышэй за барацьбу. Во праблема: сказаць, што Лукашэнка — дыктатар, што ён прадае нацыянальныя інтарэсы, але хто гэтага не ведае?

Мяне ж клапоціць пытанне: а што рабіць? Сёння ўдзел у выбарах — гэта падтрымка ўлады, што б мне ні казалі. Давайце ўспомнім 2006 год і Аляксандра Казуліна, які не быў заўважаны ў апазіцыі ні да таго, ні пасля таго, але якія ён словы казаў супраць Лукашэнкі, ёлкі-палкі! На справе ж ён толькі зменшыў падтрымку Мілінкевіча. Замест адзінага быў такі раздрай. Трэба па справах меркаваць, а не па словах».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?