Больш за гадзіну супрацоўнікі міліцыі спрабавалі спыніць аўто, якім кіраваў нецвярозы кіроўца.

Легкавік «Аудзі-80» прыцягнуў увагу супрацоўнікаў аператыўна-дзяжурнай часці Маларыцкага РУУС а пятай раніцы 21 лютага. Кіроўца аўто без відавочнай прычыны сігналіў, у салоне легкавіка было паўнютка пасажыраў. На сігнал службовага аўто кіроўца «Аудзі» не зрэагаваў і паспрабаваў з’ехаць. Міліцыянты даганялі парушальніка на дзвюх аўто, але безвынікова. Давялося выклікаць на падмогу супрацоўнікаў ДАІ.

А палове на 7-ю даішнікі перакрылі шлях у цэнтры гораду. Аднак кіроўца і тут праігнараваў патрабаванне спыніцца. Ён паспрабаваў аб’ехаць перашкоду па ходніках, але не справіўся з кіраваннем і сутыкнуўся з службовай машынай.
Далей ён вырашыў уцякаць ад пагоні на сваіх двух. Але далёка не ўцёк.

Як высветлілася пазней, малады чалавек, за якім больш за гадзіну па ранішняй Маларыце ганяліся міліцыянты, раней не аднойчы прыцягваўся да адказнасці за кіраванне аўто ў нецвярозым стане. У 2006 годзе за гэта яго пазбавілі пасведчання кіроўцы на 3 гады, што не перашкодзіла яму ў сакавіку і лістападзе мінулага году трапіць у ДТЗ «пад мухай». У той лютаўскі вечар маладзён таксама быў нецвярозы — медыцынская экспертыза выявіла, што ў ягонай крыві ўтрыманне алкаголю склала 1,5 праміле (пры дапушчальным утрыманні 0,49). Па выніках праверкі ДАІ пакарала парушальніка штрафам у памеры 50 базавых велічыняў (1 млн 750 тыс. рублёў), а суд Маларыцкага раёну аштрафаваў яго на суму 40 б.в. Усяго — 3 млн 150 тыс. рублёў. Акрамя таго, улічваючы былыя «заслугі», хлопцу пагражае крымінальная адказнасць.

Паводле «Вечерний Брест»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0