У 2015 годзе ў Браслаўскім раёне знік 50-гадовы мужчына. Аднак толькі цяпер следчыя даведаліся, што мужчыну забілі. А зрабіў гэта яго сын, які пасля разам са сваяком закапаў цела бацькі, паведамляе Следчы камітэт.

«Наша Ніва» высветліла ўсе падрабязнасці справы.

На хутары ў Браслаўскім раёне, непадалёк ад пасёлка Відзы, жыла сям’я Зіду — 50-гадовы Афанасій з жонкай Таццянай, а таксама сын Іван, жонка сына Алена і іх двое дзяцей.

Пасёлак Відзы. Фота з Вікіпедыі.

Пасёлак Відзы. Фота з Вікіпедыі.

Афанасій Зіду — малдаванін, які перабраўся ў Беларусь даўно, гадоў 20 таму. Асаблівых нараканняў Зіду не выклікалі: сям’я як сям’я.

Афанасій працаваў у мясцовым агракомплексе жывёлаводам, яго сын Іван ездзіў на заробкі ў Расію. Акрамя таго, сям’я Зіду заўсёды мела вялікую гаспадарку: каровы, свінні, авечкі, нават коні. За гэта і жылі.

Але ў 2015 годзе Афанасій Зіду раптам знік.

«Мы былі ў гасцях у сваякоў на суседнім хутары. Быў Афанасій, Іван і я, — распавяла «Нашай Ніве» Алена Зіду, жонка Івана. — Пасля я пайшла дадому. Наступным пайшоў Афанасій. Іван яшчэ трохі затрымаўся ў гасцях, але пазней пайшоў і ён».

У выніку Іван вярнуўся дадому, а яго бацька Афанасій — не. Сям’я пачала хвалявацца, пайшлі ў міліцыю. Усе разам спрабавалі арганізаваць пошукі, расказваюць сваякі. Пра тое, што да знікнення Афанасія можа быць датычны яго сын, ніхто і не думаў, ніякіх падазрэнняў паводзіны Івана не выклікалі.

Іван Зіду — падазраваны па справе аб забойстве 

Іван Зіду — падазраваны па справе аб забойстве 

«Мы ўвогуле думалі, што Афанасія маглі забіць цыгане. Яшчэ адна версія была, што нехта яго збіў на машыне, пасля паглядзеў, што нарабіў, і некуды вывез цела», — распавяла «Нашай Ніве» нявестка Афанасія, жонка яго другога сына.

На карысць версіі з ДТЗ працавала і тое, што каля дарогі знайшлі ровар Афанасія Зіду. На ровары была кроў.

Але пошукі скончыліся нічым. Цела не знайшлі, ніякіх падазраваных таксама не было. Усё сціхла да жніўня 2019 года. Тады на хутар Зіду прыйшла міліцыя. Івана затрымалі, сям’і паведамілі, што цяпер яго падазраюць у забойстве бацькі.

«Я не ведаю, хто там, што там — мы нічога не ведаем. Прыйшла міліцыя, забрала мужа — і ўсё, — кажа жонка Івана. — Ужо некалькі месяцаў Іван пад вартай. Мы з ім так і не бачыліся, здаецца, забаронена з ім сустракацца. Але я не веру, што гэта ён вінаваты, яго мама таксама не верыць. Афанасій заўсёды ішоў дадому п'яным, ну мог на дарозе заснуць. А тут яго знайшлі на агародзе, на ўчастку сваякоў, у якіх ён быў у гасцях. Кіламетр з нечым ад нашага хутара. Гэта вельмі дзіўна.

Усё, што нам сказала міліцыя — што Івана хтосьці здаў. Але хто — мы не ўяўляем».

Аказалася, што Івана «здаў» родны брат Алены Зіду — 36-гадовы жыхар вёскі Ждэгелі Валерый Жалабоўскі. Ён дапамагаў Івану пазбавіцца ад цела. Але праз амаль 5 гадоў Жалабоўскі ўсё ж прызнаўся і распавёў міліцыянтам, што здарылася. Таксама ён сказаў, што ведае, дзе цела Афанасія Зіду. Ва ўказаным месцы сапраўды адшукалі труп вяскоўца. На целе былі прыкметы гвалтоўнай смерці.

Тады і затрымалі Івана.

«Наша Ніва» адшукала Валерыя Жалабоўскага.

«Міліцыя, па вялікім рахунку, сама мяне знайшла. Улетку 2019 года я трапіў у ЛПП у Віцебску. І да мяне прыехалі міліцыянты з паліграфам — яны ўжо ведалі самі, што я неяк датычны да знікнення Афанасія. На паліграфе я хлусіць не стаў, распавёў ужо ўсю праўду, — узгадаў Валерый. — Пасля прывезлі сюды, я паказаў, дзе цела ляжыць».

Валерый Жалабоўскі

Валерый Жалабоўскі

Жалабоўскі кажа, што вясновай ноччу 2015 года да яго раптам прыйшоў муж сястры.

«Прыйшоў Іван сярод ночы. Папрасіў дапамагчы. Я пагадзіўся. На той момант я і не спытаў, што трэба рабіць — я быў нападпітку, думаў, дапамагу, каб хутчэй вызваліцца, а што там — без розніцы.

Мы пайшлі на іншы канец вёскі. І калі дабраліся да таго ўчастка, я убачыў труп і зразумеў, што здарылася. Цела ляжала на гародзе, непадалёк ад дома. Гэта было каля 4 ці 5 раніцы, у доме ўсе спалі.

Іван сказаў, што забіў бацьку. Чым — можа, і казаў, але я ўжо не памятаю. Што стала прычынай забойства, я ў яго і не пытаў, ні тады, ні пасля.

Я спалохаўся, калі ўбачыў цела, не ведаў, што рабіць далей. Чым там забілі яго, мне было ўжо ўсё адно, — распавёў «Нашай Ніве» Жалабоўскі. — Тады мы паклалі цела ў канаву. Вырашылі, што трэба будзе закапаць.

Цела Афанасія два дні праляжала ў канаве. Я тады штодня хадзіў да Зіду, дапамагаў па гаспадарцы. І праз два дні Іван сказаў, што сёння трэба ісці закапваць. Мы ўначы ўзялі рыдлёўкі, выкапалі яму і закапалі цела».

Ужо на другі дзень Афанасія пачалі шукаць, кажа Жалабоўскі. Жонка Афанасія пайшла ў міліцыю, напісала заяву. Цела яе мужа тады яшчэ ляжала ў канаве.

«Мы баяліся з Іванам, але што ж паробіш. Шчыра кажучы, у галаве розныя думкі праляталі, але здаваць Івана ў міліцыю я не пайшоў. Шкада было сястру, яе дзяцей, што без мужа і без бацькі будуць.

Міліцыя і да мяне прыходзіла, але я сказаў: не ведаю, не бачыў.

У выніку падумалі, што Афанасія ці машына збіла, ці сам кудысьці сышоў. Сям’я працягвала яго шукаць, ездзілі нават перыядычна да бабак-шаптух.

Я працягваў хадзіць да Зіду. Жонцы Афанасія было цяжка ў вочы глядзець, але… Што ж зробіш. Што зрабілі, тое зрабілі.

З Іванам мы тэму забойства не ўздымалі, не гаварылі пра гэта. Пазней я распавёў пра гэта сваёй сужыцельцы, яна спалохалася таксама… Але ў міліцыю ўсё ж не пайшла, — узгадаў Жалабоўскі.

— Пасля таго, як цела закапалі, канечне, кепска было. Не снілася, але часта думаў пра гэта. Стала лягчэй, толькі калі ўсё раскрылася і ўсе даведаліся праўду».

Калі Жалабоўскі прызнаўся міліцыі, ў яго была вочная стаўка з Іванам.

«Ён тады і сам ва ўсім прызнаўся. Мне пры сустрэчы нічога не сказаў.

Цяпер я працягваю хадзіць да Зіду, дапамагаю ім. Яны ведаюць, што гэта я дапамагаў закапваць Афанасія. Ужо ўсе ведаюць. Але са мной не гаварылі пра гэта. Што пра гэта гаварыць, калі ні Афанасія з таго свету не вярнуць, ні Ваню з-пад варты не выцягнуць», — сказаў Жалабоўскі.

Цяпер Іван Зіду пад вартай. Яму прадаставілі дзяржаўнага адваката, бо на прыватнага ў сям’і няма грошай. За забойства бацькі Івану пагражае ад 6 да 15 гадоў.

Але Валерыя Жалабоўскага, які дапамог сваяку закапаць труп, ніяк не пакараюць. Падчас следства правяралі, ці не датычны ён да забойства, але пацверджанняў не знайшлі. Таму Жалабоўскаму выставілі абвінавачванне толькі ва ўкрывальніцтве злачынства. Аднак крымінальны пераслед спынілі — бо скончыўся тэрмін даўнасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?