У Мінск прыязджае адна з самых геніяльных спявачак свету — афрыканка Сэзарыя Эвара. Яна выступае босая і не ведае ніякай мовы, апроч сваёй.

Папяяць да нас едуць збольшага лонданскія starпёры, якіх патрэба падахвоціла дастаць адну нагу з магілы ды выправіцца ў вандроўку, або фанерныя дзівы з першапрастольнай, у чыіх вачах адбіваецца пена з малахітавай джакузі.

І вось упершыню за колькі гадоў да нас прыбывае сапраўдная зорка. Да нас ляціць дзіва, каб у стылі «морна», афрыканскага блюзу, багатым, насычаным подыхам акіяну голасам падзяліцца пра сваю нібыта непрыкметную бацькаўшчыну, Каба‑Вердэ, пра Выспы Зялёнага Мысу. Пераканаўшы Еўропу і Амерыку, ляціць чула давесці і нам, што свет круціцца вакол партовага гарадка Міндэла, за пірсамі якога дыхае Атлантыка.

21 сакавіка на сцэне Палацу Рэспублікі выступіць Сэзарыя Эвара.

«Выспы майго кахання»

Яе гісторыя мала нагадвае гісторыю Папялушкі, хаця б таму, што спадчынную галечу, уласныя заганныя звычкі і агульны ціск жыццёвай плыні яна канчаткова перамагла адно ў 50 гадоў. Яе гісторыя, яе зорны, праз церні, шлях — гэта хутчэй шлях краіны, якая ўпарта, нават больш за саму жанчыну, прагнула выгадаваць уласную прынцэсу. Сум па родных берагах, якія часцяком пакідаюць кабавердыйцы, хараство і ўбоства бацькаўшчыны, прыгонніцтва і каланіялізм, сляды якіх гэтак выразна адчуваюцца на выспах дасюль — усё ў кабавердыйскіх песнях. Другая Куба, жаданню яе жыхароў спяваць і дзяліцца пачуццямі не ў стане зашкодзіць ані галеча, ані захопнікі, ані камуністычны бот, ані праклён масавай іміграцыі.

Мяккі і суцяшальны, як калыханка, голас Сэзарыі далікатна лунае, ствараючы чароўны, гіпнатычны эфект. Быць на яе канцэрце і глядзець на людзей, якія, не разумеючы ні слова, ледзь стрымліваюць міжвольныя слёзы, калі яна на рэдкай мове крыулу, афрыканска‑партугальскай трасянцы, цягне пра «выспы ветру, выспы майго кахання».

Басаногая дзіва

Сэзарыя Эвара (націск у прозвішчы на першы склад) нарадзілася ў 1941 у Міндэле ў сям’і музыкі. Яшчэ падлеткам пачала спяваць морны мясцовага кампазітара Леза. Морна, кабавердыйская балада, сентыментальныя народныя матывы, поўныя жарсці і тугі, спалучаюцца з акустычным гучаннем гітары, скрыпкі, кларнету і акардэону. Спярша афрыканская морна мела бадзёры сатырычны рытм, але пад уплывам мяккай і меланхалічнай партугальскай музыкі фаду зрабілася мінорнай.

З цягам часу Сэзарыя робіцца паспяховай, наколькі можна быць папулярнай ў малюпацкай краіне з поўнай адсутнасцю шоу‑бізнэсу. У 1975 Каба‑Вердэ атрымала незалежнасць ад Партугаліі: каланізатары сышлі, але разам з імі знік і марскі гандаль, асноўная крыніца прыбытку тубыльцаў. Зарабіць песняй проста немагчыма — Сэзарыя змаўкае на доўгія 10 гадоў, падчас якіх у дадатак змагаецца з алкагалізмам. Але ў 1985 годзе сябры ўрэшце пераканалі яе пачаць кар’еру наноў — паехаць у Партугалію, каб запісацца там з іншымі кабавердыйскімі спевакамі.

Гэта быў першы раз, калі яна пакінула бацькаўшчыну. «Тое, што я пачала спяваць зноў, было сюрпрызам нават для мяне самой», — скажа яна потым. У 1988 выходзіць яе першы альбом «Басаногая Дзіва» — яна заўсёды, аж да сёння, выступае басанож. Яе першая шырокавядомая песня — Sodade. Песня, назва якой з партугальскае цудоўна перадаецца словам «смутак» (з усім яго спектрам пачуццяў ад настальгіі, тугі да засмучанасці і шкадавання) разнеслася па ўсёй Францыі, зрабіўшы яе стваральніцу шалёна папулярнай. У 1992 выйшлі альбомы «Спадарыня Парфумада» і «Сэзарыя», якія намінаваліся на «Грэмі». Сэзарыю пачынаюць запрашаць у іншыя краіны. Яна наведвае Іспанію, Партугалію, Канаду і Японію.

Сэзарыя ў «Падполлі»

Эмір Кустурыца, які ў той час здымаў сваё «Падполле», запрасіў Сэзарыю заспяваць у фільме танга Ausencia. Сюжэт стужкі такі: у югаслаўскім сутарэнні трыццаць гадоў сядзіць партызан. Яго сябра па падполлі, які знаходзіцца на паверхні, запэўнівае яго, што краіна па‑ранейшаму акупаваная немцамі і таму выходзіць навонкі небяспечна. Вядома, ніякай акупацыі даўно няма, проста сябар на паверхні не жадае, каб жонка, якая разрываецца паміж двума мужчынамі, абрала падпольшчыка. За ўсімі ўзвівамі сюжэту вымалёўваецца адвечная тэма: ён, яна і ён. Песня Сэзарыі, што лейтматывам гучыць на працягу ўсяго фільму, надае яму асаблівую жыццёвасць і глыбіню. Гэтак афрыканскі блюз быў дапасаваны да еўрапейскай драмы.

У 1999 Сэзарыя перазапісвае «Бэсамэ мучо». Здавалася б, бітая песня, але, дзякуючы Сэзарыі, яна зазіхацела новымі адценнямі. У 2004 спявачка атрымала «Грэмі» у намінацыі «музыка свету». У 2007 французскі прэзідэнт Жак Шырак уручыў спявачцы найвышэйшую ўзнагароду Францыі — медаль Ганаровага Легіёну за яе ўнёсак у культуру.

Тытунь, трасянка, босыя ногі

Сэзарыя Эвара зрабілся сусветнай зоркай, але па‑ранейшаму не вывучыла ніякай іншай мовы — яна ўсё спявае па‑крэольску, смаліць як паравоз, ды як і на пачатку кар’еры не носіць абутку. Скажуць, «пільнуецца стылю». Пэўна, так. Яна мае шчасце трымацца свайго.

Фалькларысты сцвярджаюць, што жаночыя песні, поўныя тугі па родным краі, прапяяныя жанчынамі, якіх аддалі замуж далёка ад дому, складаюць траціну беларускіх народных песняў. Сярод тужлівых напеваў і жвавых мелодыяў беларусы абіраюць першыя. У справе выбару гімну больш людзей хілілася да «Паланэзу Агінскага», чым да бравурнага «Мы выйдзем шчыльнымі радамі». Паралелі?

У святле ўсяго напісанага вышэй, прыкладна так вось выглядае формула зорнага спеву: не вельмі шчаслівая бацькаўшчына, алкагольнае мінулае выканаўцы (націск усё ж на мінулае), да шчымення ў сэрцы замілаванасць родным парогам і, можа, дзеля кантрасту… шчопаць цёплага сонца.

***

Канцэрт Сэзарыі Эвары - 21 сакавіка ў Палацы Рэспублікі.

Слухаць Besame Mucho

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?