Лідэры Партыі БНФ агучылі, як ідзе падрыхтоўка да Дня Волі.
Заяўку на правядзенне акцыі аргкамітэт падаў яшчэ 4 лютага, але Мінгарвыканкам пакуль адказу не даў.
Старшыня партыі Лявон Баршчэўскі зазначыў, што партыя спадзяецца «на добрую волю ўлады», і акцыя будзе дазволеная. Ён таксама падкрэсліў, што за 20 год правядзення Дня Волі ніводны чалавек не быў крануты па віне Партыі БНФ, усе правакацыі былі выключна з боку ўладаў.
Вінцук Вячорка дадаў пра тое, што 25 Сакавіка «шматлікія міжнародныя партнёры» будуць адсочваць правядзенне акцыі.
На сустрэчы з журналістамі прадстаўнікі Партыі БНФ падкрэслівалі, што праз месяц (13 красавіка) сканчаецца тэставы тэрмін для беларускіх уладаў, дадзены Еўропай.
«На дадзены момант сітуацыя на нулі, калі не сказаць, што ў мінусе. У краіне пяць палітвязняў, з’явіліся новыя формы рэпрэсій: палітычных актывістаў незаконна прызвалі ў войска, людзей звальняюць з працы, адлічваюць з універсітэтаў», — паведаміў спадар намеснік старшыні партыі Вінцук Вячорка.
Сёлетняя акцыя 25 Сакавіка (угодкі абвяшчэння незалежнасці БНР), будзе несці палітычны і сацыяльны характар: пратэсты супраць сацыяльнай палітыкі ўраду і супраць зняволення палітычных актывістаў. Лозунгам гэтага году абраны «За праўду, за справядлівасць, за свабоду!»
Намеснік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч паведаміў, што сёлета арганізатары чакаюць больш людзей, чым у папярэднія гады.
«З’явіліся новыя чыннікі, якія павінны паспрыяць актыўнасці людзей. Гэта лібералізацыя ў палітыцы ўлады, а таксама пагаршэнне эканамічнай сітуацыі ў кожнай беларускай сям’і»,— растлумачыў ён.
У бліжэйшыя дні распачнецца інфармацыйная кампанія па правядзенні акцыі. Спадар Івашкевіч паведаміў, што ў гэтым годзе акцэнт робіцца на актыўнасць і асабістую ініцыятыву актывістаў партыі. «Раней мы мелі сотні тысяч налепак, але людзі атрымлівалі стабільны заробак і не разумелі, чаму ім трэба ісці на Плошчу.
У гэтым годзе мы пазбаўленыя такіх магчымасцей, аднак людзей моцна прыціснула эканамічная сітуацыя,таму яны павінны стаць больш актыўнымі. Напрыклад, працаўнікі МАЗу атрымалі заробак на 30‑50% менш, чым у папярэдні месяц».
Цяпер аргкамітэт чакае афіцыйнага адказу ад Мінгарвыканкама.
Але лідэры партыі БНФ адназначна сцвярджаюць, што ні ў якім выпадку не прымуць ранейшы варыянт ад уладаў:ісці ад Акадэміі навук у бок да плошчы Бангалор. «Мы нават у заяве напісалі: «Бангалор не прапаноўваць!», — кажа старшыня партыі.
Салідарнасць у арганізацыі мерапрыемства адкрыта выказалі Аб’яднаная грамадзянская партыя, БХД, ініцыятыва «Еўрапейская Беларусь», «Малады Фронт», «Народная грамада».
«Ад кіраўніцтва Руху за Свабод» і яго лідэра Аляксандра Мілінкевіча жаданняў і зваротаў на ўдзел у акцыі пакуль не паступіла», — укруціў Лявон Баршчэўскі.
Нагадаем, што ў пададзенай у Мінгарвыканкам заяўцы казалася пра збор а 18-й гадзіне 25 Сакавіка на пляцоўцы перад будынкам Прэзідыуму Акадэміі навук, шэсце праспектам да Кастрычніцкай плошчы.