Экс-дырэктар Інстытута эканомікі Акадэміі навук Валерый Бельскі стаў намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта, адказным за эканамічны блок.

На гэтай пасадзе ён зменіць Мікалая Снапкова, які паедзе паслом у Кітай.

Валерый Бельскі. Фота sb.by.

Валерый Бельскі. Фота sb.by.

Калі караценька прайсціся па біяграфіі Валерыя Бельскага, то ён нарадзіўся ў 1968 годзе ў вёсцы Дзевашычы Бялыніцкага раёна. Вучыўся ў сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках, спецыяльнасць — эканоміка і кіраванне ў галіне АПК. Працаваў галоўным эканамістам у родным саўгасе «Каліноўскі».

У 1995 годзе паступіў у аспірантуру Беларускага навукова-даследчага інстытута эканомікі і інфармацыі АПК». Пасля сканчэння так і застаўся там на працы. Быў загадчыкам сектара цэнаўтварэння, намеснікам дырэктара, дырэктарам. Ад 2012 да 2015 адпрацаваў у Маскве намеснікам міністра прамысловасці Еўразійскай эканамічнай камісіі. Ад 2016 года — быў дырэктарам інстытута эканомікі НАН.

«НН» знайшла некаторыя цікавыя звесткі пра асабістае жыццё і сям’ю новага намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта.

Як мы ўжо адзначалі, Валерый Бельскі родам з Бялыніцкага раёна. Дарэчы, менавіта адтуль карані яшчэ аднаго намесніка кіраўніка АП Андрэя Кунцэвіча, які курыруе ідэалогію. І хоць роднай вёскай чыноўніка пазначаныя Дзевашычы, аднак у рэальнасці радзімай можна лічыць Вялікую Машчаніцу, якая знаходзіцца побач.

У Дзевашычах жылі дзяды Бельскага. І менавіта туды нараджаць сына прыехала мама будучага чыноўніка. Да гэтага Раіса Аляксееўна працавала настаўніцай матэматыкі (скончыла Магілёўскі педінстытут) ў вёсцы Заполле Бялыніцкага раёна. Там яна сустрэла студэнта Івана Бельскага, які на той момант вучыўся на юрыста ў далёкай расійскай Чыце. Пара пабралася шлюбам, Раіса хутка зацяжарыла, Іван жа паехаў працягваць вучобу ў Чыту. Толькі па сканчэнні інстытута сям’я ўз’ядналася.

Спачатку яны пераехалі жыць у вёску Эсьманы (гэта недалёка ад Дзевашычаў), потым нейкі час пажылі ў Пухавіцкім раёне (там Валерый Бельскі пайшоў у школу). А калі хлопец пераходзіў у трэці клас, то Бельскія перабраліся ў Вялікую Машчаніцу. Маці працавала настаўніцай, бацька — эканамістам у саўгасе.

У сям’і была двухпакаёвая кватэра ў доме ў Машчаніцы. Не так даўно Раіса Аляксееўна прадала тую хату. «Муж памёр чатырнаццаць гадоў таму, амаль адразу пасля гэтага дачка забрала мяне да сябе ў Мінск. Я з унучкамі ўсе канікулы ездзіла ў родныя мясціны, сумавала па іх. А цяпер ужо бачу, што хутка ад гэтага нічога не застанецца, толькі руіны, таму і прадала», — расказвае «НН» мама чыноўніка.

Да мінулага года ў Бельскага жывой была яшчэ бабуля, матка маткі, яна адышла ў 97 гадоў. «У суботу была гадавіна, прыязджала ўся сям’я, і Валера быў. Мама памерла 28 студзеня, але мы ўжо ў суботу збіраліся. 28-га я адна на кладзішча схадзіла», — расказвае Лідзія Аляксееўна Пугач, цётка Валерыя Бельскага. Яна жыве ў Эсьманах.

У дзяцінстве, як расказвае мама, у Валерыя Бельскага любімымі прадметамі былі тэхнічныя і прыродазнаўчыя навукі: хімія, матэматыка. «Ён такі чалавек цікаўны, што мог бы, мабыць, у любой сферы працаваць.

Усё яму было цікава. Пастаянна круціў нейкія гайкі, любіў ровар разбіраць, мог тэлевізар адрамантаваць. Потым ужо матацыкл яму купілі, то з ім быў увесь час. Калі вучыўся ў Горках, то ездзіў на лён, зарабіў сабе на лепшы матацыкл, здаецца ІЖ. Машыну першую купіў, калі ўжо жанаты быў. Гэта была «Ака», маленькая такая, на што грошай хапала, тое і набыў», — расказвае мама Раіса Аляксееўна.

«Ён мне ўсё дапамагаў па доме. Я ж настаўніцай працавала, а гэта ведаеце, якая праца? Прыйшоў з работы, а дома працы яшчэ больш, стос сшыткаў перад табой ляжыць і трэба ўсе іх праверыць. Валера мог і падлогу памыць, і торт згатаваць. Часам лепшым быў, чым дачка», — працягвае жанчына.

Валерый Бельскі. Фота director.by.

Валерый Бельскі. Фота director.by.

Школу Валерый скончыў з залатым медалём. Мама кажа, што хлопец свядома не хацеў гарадскога жыцця і яго не абіраў, таму вырашыў паступаць у Горацкую акадэмію. «Ён спачатку на інжынера хацеў, бо яму больш цікавымі былі тэхнічныя дысцыпліны, але я ўгаварыла паступаць на эканаміста», — гаворыць мама.

Пасля таго, як Бельскі адвучыўся адзін курс у Горках, яго забралі ў войска. Служыў у Маскве ўсе два гады. «Калі я да яго прыязджала, то сказаў, што яму не падабаецца вучыцца на эканаміста, хоча перапаступіць на тэхнічнае пасля арміі. Калі вярнуўся з войска, то пачалася перабудова, эканамісты былі моднымі, то ён усё ж застаўся». Пра войска мама кажа, што сын не скардзіўся ні на дзедаўшчыну, ні на цяжкасці.

На пятым курсе ВНУ Валерый Бельскі пабраўся шлюбам. Дзяўчына была ягонай аднагрупніцай, сама родам з Добруша. З ёй чыноўнік працягвае жыць па сёння. Аксана Бельская цяпер працуе загадчыцай аддзела па сацыяльна-эканамічнай рабоце Мінскай абласной арганізацыі прафсаюзаў аграпрамысловага комплексу.

Аксана Бельская за сталом крайняя справа. Фота «Смалявіцкі край».

Аксана Бельская за сталом крайняя справа. Фота «Смалявіцкі край».

У Валерыя і Аксаны Бельскіх дзве дачкі. Першая, Іна, нарадзілася ў 1994 годзе, калі бацька працаваў яшчэ эканамістам у калгасе. Дзяўчына скончыла біялагічны факультэт БДУ ў 2016 годзе,

цяпер працуе ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры эпідэміялогіі і мікрабіялогіі.

Дзяўчына замужам, але пакінула сваё дзявочае прозвішча.

Дачка Іна Бельская. Фота з vk.com.

Дачка Іна Бельская. Фота з vk.com.

А вось другая дачка — Вераніка — нарадзілася чатыры гады таму. Кажуць, што менавіта праз нараджэнне дачкі Бельскі вярнуўся з Масквы назад у Мінск. Так што Валерый Іванавіч — гэта малады тата.

Ёсць у чыноўніка і родная сястра, яна таксама мае дзяржаўную пасаду. Алена Цыкунова ўзначальвае ўпраўленне дзяржаўнай ўласнасці ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі.

Алена Цыкунова. Фота «Сельская газета».

Алена Цыкунова. Фота «Сельская газета».

«Радая, што яму даверылі такую высокую пасаду. Але адначасова мне і трывожна, Валера па характары вельмі мяккі чалавек. Складана будзе дакладна. Яму ўсіх шкада. Нават сваіх падначаленых. Калі ёсць нейкая работа, то ён хутчэй сам яе зробіць, чым камусьці будзе даручаць. Па характары ён працаголік. Нават калі ідзе ў адпачынак і застаецца ў Беларусі, то без канца званкі і званкі, ну які гэта адпачынак? І калі дамоў увечары прыходзіць, то піша і піша нешта», — расказвае мама.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?