Алімпійскі чэмпіён 2008 года па цяжкай атлетыцы Андрэй Арамнаў дыскваліфікаваны на два гады ўмоўна і пазбаўлены прэзідэнцкай стыпендыі.
Такое пакаранне вынесена 20-гадоваму спартсмену 13 сакавіка па выніках пашыранага пасяджэння прэзідыума Беларускага цяжкаатлетычнага саюза, паведаміў БелаПАН намеснік міністра спорту і турызму Дзмітрый Шычко. Прэзідэнцкай стыпендыі пазбаўлены таксама асабісты трэнер спартсмена Міхаіл Саладар.
Спартсмен двойчы на працягу трох месяцаў затрымліваўся супрацоўнікамі ДАІ ў Барысаве за кіраванне аўтамабілем у нецвярозым стане, апошні раз — у канцы лютага.

«Адбылася канкрэтная размова. Былі заслуханыя галоўны і асабісты трэнеры, члены прэзідыума. Першапачаткова планавалася вынесці вельмі жорсткае рашэнне, аж да дыскваліфікацыі і адлічэння з штату нацыянальнай каманды, — зазначыў Д.Шычко. — Спартсмен груба парушыў умовы кантракта і палажэнне аб прэзідэнцкай стыпендыі, дыскрэдытаваў алімпійскі рух. Аднак, улічваючы маладосць, раскаянне Арамнава, яго жаданне працягваць працаваць, санкцыі было вырашана змякчыць. Тым больш што атлет яшчэ не мае ўстойлівай жыццёвай пазіцыі, адукацыі, фактычна ён яшчэ не ўзмужнеў».

Паводле слоў намесніка міністра, калі на працягу выпрабавальнага тэрміну А.Арамнаў зноў парушыць закон, ён будзе дыскваліфікаваны і выведзены з каманды.

«На які тэрмін спартсмен пазбаўлены прэзідэнцкай стыпендыі — пакажа час. Гэта немалыя грошы, атрымліваць прэзідэнцкую стыпендыю — вялікі гонар.

Заслугі Арамнава вялікія, але не даюць яму права паводзіць сябе такім чынам»,
— сказаў Д.Шычко. Паводле яго слоў, загад з інфармацыяй аб тым, што здарылася, будзе даведзены да ведама ўсіх федэрацый.

Як раней паведамляў БелаПАН, па матэрыялах правапарушэння, дапушчанага А.Арамнавым, праводзіцца праверка. «Пасля заканчэння праверкі, калі будзе дадзена ацэнка ўсім акалічнасцям правапарушэння, вызначана ступень яго віны, ён будзе прыцягнуты да адказнасці ў адпаведнасці з дзейным заканадаўствам», — паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення ДАІ МУС Максім Падбярозкін. Ён удакладніў, што размова ідзе аб прыцягненні да адказнасці па частцы 2 артыкула 317‑1 Крымінальнага кодэкса.

Паводле слоў М.Падбярозкіна, за правапарушэнне, дапушчанае ў снежні, А.Арамнаў быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці «на тых самых падставах, на якіх прыцягваецца любы іншы грамадзянін».

Дзмітры Ўласаў, БелаПАН

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру