Прэс-служба незарэгістраванай Нацыянал-бальшавіцкай партыі Беларусі размясціла ў інтэрнеце інфармацыю аб "нападзе" ноччу 11 сакавіка на новы будынак пасольства Расіі ў Мінску.
Ён ўзводзіцца ў раёне Камсамольскага возера каля Палаца дзяцей і моладзі.

Аўтары паведамлення звяртаюць увагу на тое, што будынкам гэтае збудаванне "назваць можна з цяжкасцю". "Ён больш паходзіць на палац гатэльна-забаўляльнага тыпу, які размяшчаецца на незвычайна вялікай для пасольстваў у рэспубліцы тэрыторыі, — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы. — Замоўца, зразумела, РФ. Аб`ект хутка будзе здадзены ў эксплуатацыю. У той час як звычайныя грамадзяне Расіі, якія жылі і да крызісу небагата, а цяпер наогул апынуліся ў катастрафічнай сітуацыі, скупляюць прадметы першай неабходнасці, кіраўніцтва РФ паскоранымі тэмпамі будуе сабе дарагія палацы".

Нацыянал-бальшавікі паведамляюць, што на сцены новага будынка расійскага пасольскага былі нанесеныя фарбай лозунгі "супраць рэпрэсіўнай паліцэйскай дзяржавы, што сфармавалася цяпер у Расіі. Тым самым нацыянал-бальшавікі Беларусі выказаліся супраць таго, каб пасольскі палац дзяржавы РФ знаходзіўся на тэрыторыі Беларусі".

Мяркуючы па прыкладзеных фатаграфіях, надпіс "Не паліцэйскай дзяржаве РФ" разам з абрэвіятурай "НБП" і сярпом і молатам у крузе
нанесены не на будынак пасольства, а на элементы агароджы тэрыторыі будучай дыпмісіі.

Ці звярталіся расійскія дыпламаты з заявай у міліцыю ў сувязі з гэтымі падзеямі, БелаПАН высветліць пакуль не ўдалося. Дыпламат, які дзяжурыў 14 сакавіка, у выхадны дзень, не змог адказаць на гэтае пытанне. У дзяжурнай часці Цэнтральнага РУУС даць такую інфармацыю па тэлефоне адмовіліся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?