Пасол Расіі ў Беларусі Дзмітрый Мезенцаў пракаментаваў «Нашай Ніве» інцыдэнт з пафарбаванымі ў чырвоны колер рукамі помніку Аляксандру Пушкіну. А таксама расказаў, якое пакаранне бачыць для затрыманага па справе маладафронтаўца Піліпа Шаўрова.

«Я думаю, што публічнае асуджэнне гэтага ўчынку ў асяроддзі літаратараў, пісьменнікаў, інтэлігентных людзей, якімі славіцца Беларусь, павінна быць самым вялікім пакараннем для гэтага чалавека.

Канечне, гэта хуліганства, і праваахоўным органам Беларусі рашаць, якім павінна быць пакаранне. Але я не суддзя, што працуе на беларускай зямлі.

Дзмітрый Мезенцаў. Фота Надзеі Бужан.

Я са здзіўленнем даведаўся пра гэты выпадак. Тое, што гэта не інтэлігентны ўчынак — абсалютна дакладна. Той падтэкст, які меў на ўвазе гэты малады чалавек, ніяк не будзе падтрыманы беларускім грамадствам.

Грамадскае непрызнанне і адсутнасць падтрымкі — найлепшая ацэнка, якім спелым, мудрым і інтэлігентным з’яўляецца беларускае грамадства», — сказаў Дзмітрый Мезенцаў.

25-гадовы маладафронтавец Піліп Шаўроў здаўся міліцыі 19 студзеня. Цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА на Валадарскага, супраць яго заведзеная крымінальная справа па артыкуле «Хуліганства».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?