Меліта Станюта – праўнучка знакамітай Стэфаніі Станюты – заваявала тры бронзавыя медалі на другім этапе Гран-пры па мастацкай гімнастыцы, што прайшоў у чэшскім Брно.

Беларуска ўзыйшла на п’едэстал у практыкаваннях з мячом, стужкай і скакалкай, саступіўшы ва ўсіх трох дысцыплінах моцным расіянкам Яўгеніі Канаевай і Веры Сесінай, паведамляе Прессбол.

Два тыдні таму на першым этапе ў Маскве 15-гадовая беларуска таксама заваявала тры медалі: адно срэбра (з мячом) і дзве бронзы (скакалка і стужка).

Этап Гран-пры ў Маскве быў дэбютным для Меліты, і тры ўзнагароды гэта вялікі яе асабісты поспех.

Меліта Станюта таксама перамагала на чэмпіянатах краіны, заваявала тры срэбраныя медалі на чэмпіянаце Еўропы ў Турыне.

Дарэчы ў інтэрв’ю «Спортивной панораме» пасля Гран-пры ў Маскве Меліта сказала, што сваімі выступамі ўвасабляе мару сваёй бабулі Стэфаніі Станюты, якая лічыла мастацкую гімнастыку сплавам спорту і акторскага майстэрства і ў «70 год магла сесці на шпагат».

Сярод мараў Меліты Станюты – трапіць у складзе беларускай зборнай на чэмпіянат свету па мастацкай гімнастыцы, што пройдзе ў верасні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0