Пра гэта паведаміў у сераду ў Instagram яго сын Майкл Дуглас.

«Для свету ён быў легендай, акцёрам з «залатога веку» кінематографа, які дажыў да старэчых гадоў, а таксама гуманістам, які падаваў усім нам прыклад сваёй адданасцю справядлівасці і ідэалам, у якія верыў», — напісаў Майкл Дуглас.

Ён падкрэсліў, што акцёр «пакідае спадчыну ў кінематографе, якая захаваецца на працягу некалькіх пакаленняў». Як канстатаваў Майкл Дуглас, яго бацька быў «вядомым філантропам, які працаваў на карысць грамадства і дзеля міру на планеце».

У лік найбольш вядомых фільмаў, у якіх здымаўся Кірк Дуглас, уваходзяць «Туз у рукаве» (Ace in the Hole, 1951), «Злыя і прыгожыя» (The Bad and the Beautiful, 1952), «Прага жыцця» (Lust for Life, 1956), «Сцежкі славы» (Paths of Glory, 1957), а таксама «Спартак» (Spartacus, 1960). Акцёр выканаў ролі больш як у 80 кінакарцінах. У 1996 годзе ён атрымаў прэмію «Оскар» за выдатную кар'еру.

Бацькі Кірка Дугласа паходзілі з Чавусаў, што пад Магілёвам. І Дугласамі беларуская яўрэйская сям’я Даніловічаў стала толькі ступіўшы на амерыканскую зямлю. А ў Магілёве, дарэчы, жыў данядаўна стрыечны пляменнік Кірка Дугласа Міхаіл Ісакавіч. Зараз там жывуць яго ўдава і дачка з унучкай.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?