18 сакавіка, у сераду, у 16.00 на Ўправе Партыі БНФ (Машэрава, 8) адбудзецца прэзентацыя кнігі «Акрэсцінскія будні. Дзённікі палітвязняў», супольнага праекту моладзевых актывістаў і праваабаронцаў.

Кніжка пад адной вокладкай сабрала рэальныя гісторыя рэальных людзей, якія адбывалі адміністрацыйнае пакаранне ў Цэнтры ізаляцыі праваапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна ў Менску ў 2006‑2008 гадах. Сярод аўтараў — вядомы мастак Аляксей Марачкін, лідэр АГП Анатоль Лябедзька, журналіст Сямён Печанко, моладзевыя актывісты і лідэры Андрэй Баранаў, Вольга Кузьміч, Уладзімір Мікалаеў, Алесь Каліта, Франак Вячорка, Антон Каліноўскі, Кацярына Галіцкая, Ільля Богдан. Да дзённікаў падрыхтаваныя падрабязныя каментары, якія даюць ўяўленне пра канкрэтныя падзеі і людзей, дадаюць выданню дакументальнасці і дакладнасці.

Уступны артыкул да выдання падрыхтаваў праваабаронца, пісьменнік і літаратурны крытык Алесь Бяляцкі, які адзначае: «Эсэ насычаныя гумарам, трапна прыкмечанымі дэталямі, параўнаннямі і рэмінісцэнцыямі. Вось гэты аўтарскі пазітыў у сутыкненні з дзяржаўнай машынаю рэпрэсіяў і раўнадушшам і стварае непрадказальную сітуацыю абсурду, які адчуваюць і самі аўтары, і ўладныя выканаўцы — амапаўцы, ахоўнікі, суддзі, усё беларускае грамадства. У гэтых успамінах — уся нашая эпоха. Эпоха герояў і нікчэмнасцяў, дзе ахвяры на самой справе з’яўляюцца героямі, а каты — патэнцыйнымі ахвярамі часу».

Прыняць удзел у прэзентацыі запрашаем журналістаў, праваабаронцаў, грамадскіх і палітычных актывістаў.

Па даведкі звяртацца да Антона Каліноўскага: +375 29 699 38 94

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0