Кіраўнік Нацбанку Беларусі заявіў пра курс на адмову ад даляраў ва ўзаемаразліках.

Перамоўны працэс з Расійскай Федэрацыяй па выкарыстанні ва ўзаемаразліках у якасці рэзервовай валюты расійскага рубля блізкі да завяршэння, заявіў старшыня праўлення Нацыянальнага банку Пётр Пракаповіч 16 сакавіка ў ходзе дакладу Аляксандру Лукашэнку. Паводле яго слоў, аналагічныя перамовы вядуцца і з Украінай, паведамляе прэс‑служба кіраўніка дзяржавы.

У Нацбанку лічаць, што адной з прычын крызісу сусветнай эканомікі стала дамінаванне адной рэзервовай валюты — долара ЗША. «Мы зрабілі выснову, што павінны максімальна стымуляваць развіццё двухбаковых і шматбаковых адносінаў за кошт разлікаў у нацыянальных валютах, за кошт стымулявання прымянення рэзервовых рэгіянальных валют іншых краін, каб тым самым мінімізаваць страты ад гегемоніі адной валюты», — сказаў старшыня праўлення Нацбанка.

Паводле яго слоў, у гэтым кірунку ўжо паспяхова зроблены першыя крокі. Так, зазначыў П.Пракаповіч, Беларусь заключыла пагадненне з Кітаем аб фінансавай здзелцы, па якой атрымала магчымасць доступу да кітайскіх рэсурсаў у аб’ёме каля 3 млрд долараў «на выключна выгадных для сябе ўмовах». Гэта з’яўляецца асновай для актывізацыі гандлёва‑эканамічных адносінаў паміж дзвюма краінамі, а таксама дазволіць найбліжэйшым часам нарасціць двухбаковы тавараабарот не менш чым у пяць разоў, сказаў ён. «Гэта той стымул, які на 10—15 гадоў наперад дае фінансавае забеспячэнне для развіцця нашай эканомікі», — зазначыў Пётр Пракаповіч.

Такім чынам, паводле яго слоў, Беларусь плануе ў разліках з усімі асноўнымі гандлёвымі партнёрамі перайсці на выкарыстанне рэзервовых рэгіянальных валют. У перспектыве гэта дазволіць знізіць залежнасць краіны ад адной валюты, у прыватнасці долара.

Паводле слоў П.Пракаповіча, меры, што прымаюцца, — гэта адзін са спосабаў мінімізацыі наступстваў сусветнага фінансава‑эканамічнага крызісу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?