Індыйскі фатограф-аматар Аніл Прабхакар сфатаграфаваў арангутана на адной з інданезійскіх выспаў, ён працягваў руку чалавеку, якога амаль па грудзі засмактала рака. «У той час, як у чалавеку памірае чалавечнасць, некаторыя жывёлы вяртаюць нас да нашых вытокаў», — падпісаў ён здымак. За некалькі дзён кадр спадабаўся больш як 45 000 чалавек.

У каментары CNN Прабхакар, геолаг з індыйскага штата Керала, растлумачыў: чалавек на фота — супрацоўнік Фонду абароны арангутанаў Калімантана (аднаго з найбуйнейшых астравоў Інданезіі — рэд.). Ён шукаў у рацэ атрутных змей, якія з'яўляюцца прыроднымі драпежнікамі для прыматаў.

У гэты момант арангутан падышоў да супрацоўніка фонду і працягнуў руку. Па словах Прабхакара, здавалася, што жывёла пытаецца: «Дапамагчы?»

Аднак супрацоўнік не схапіў арангутана за руку і выйшаў сам з ракі. Ён патлумачыў, што гэта ўсё ж дзікая жывёла, таму невядома, як яна магла б рэагаваць.

Уся падзея доўжылася тры-чатыры хвіліны. «Я так рады, што стаў сведкам гэтага моманту», — сказаў мужчына ў каментары CNN.

Арангутан з'яўляецца адзіным вялікім прыматам у Азіі. Па дадзеных Фонду абароны арангутанаў Калімантана, яны пражываюць пераважна на інданезійскіх выспах Калімантан і Суматра.

За апошнія тры пакаленні папуляцыя арангутанаў скарацілася больш чым на 80% з-за пажараў і палявання. Акрамя таго, яны павольна размнажаюцца: у натуральных умовах самка-арангутан нараджае толькі кожныя 6—8 гадоў, паведамляе фонд.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0