Возьмем любую з еўрапейскіх краін, сувымерных з Беларуссю па сваім насельніцтве, па аб’ёме рынку. Нарвегія? Польшча? Эстонія? Славенія? 

Нарвегія. Ёсць дзяржаўная тэлерадыёкампанія, астатнія СМІ — прыватныя. Асноўныя інтэрнэт-парталы (vg.no, aftenposten.no, dagbladet.no) — усе прыватныя. З дзяржбюджэту дафінансаванне атрымліваюць усе тыя прыватныя СМІ, якім не хапае ўласных даходаў, таму што, лічаць нарвегі, умова sine qua non — гэта здаровая канкурэнцыя ідэй.

Польшча. Ёсць дзяржаўная тэлекампанія (яна моцна падыгрывае дзейнаму кіраўніцтву), але ёсць і прыватныя з абсалютна роўным доступам і пакрыццём. Усе асноўныя інтэрнэт-парталы (wp.pl, onet.pl, gazeta.pl) — прыватныя, некаторыя належыць польскім уласнікам, некаторыя — нямецкім. Прыватны тэлегігант TVN уваходзіць у групу Discovery.

Ужо самі тыя прыклады, якія прыводзіць кіраўнік Дзяржтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант, паказваюць, як ён сабе гэта бачыць. Ён гаворыць пра «Еўраньюс». А што такое «Еўраньюс»? Гэта канал на поўным дзяржаўным фінансаванні некалькіх вялікіх еўрапейскіх дзяржаў. Між іншым, нізкаякасны і непапулярны, які не ўваходзіць у топ рэйтынгаў ні ў адной краіне, дзе ён працуе.

Ніводная з перадавых еўрапейскіх краін, сувымерных з Беларуссю, не робіць стаўкі на развіццё дзяржаўных СМІ.

Там якасныя СМІ не за кошт прэферэнцый дзяржаўным, а за кошт канкурэнцыі, і, калі ёсць праблемы з якасцю, краіны іх вырашаюць за кошт узмацнення канкурэнцыі.

Якасныя СМІ — умова для развіцця эканомікі і здаровага грамадства, бо якасная інфармацыя — гэта паветра для прыняцця рашэнняў. Усе пералічаныя вышэй — моцныя дзяржавы, з выдатнай кіраванасцю, эканоміка там развіваецца, узровень жыцця людзей расце, і СМІ там моцныя.

Абсалютна роўны доступ, пакрыццё, у тым ліку і роўны доступ да дзяржаўных датацый — паветра для росту СМІ.

Калі на нараду па развіцці СМІ паклічуць кіраўнікоў «Нашай Нівы», Тутбая, Анлайнера, можна будзе чакаць дынамікі. А пакуль кіраўніцтву дзяржавы прадалі перастаноўку Мукавозчыкаў месцамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?