Сярод літоўскіх парлямэнтароў найдаўжэйшы час беларускім пытаньнем займаецца Вацлаў Станкевіч. Ён паходзіць з роду Станкевічаў, які даў Беларусі шмат вядомых дзеячаў. Другі тэрмін В.Станкевіч узначальвае ў парлямэнце камітэт па справах NATO, а за працу па далучэньні краіны да альянсу быў узнагароджаны Вялікім крыжам Камандора Вітаўта Вялікага.

На пачатку лістапада В.Станкевіч выступіў з заявай аб неабходнасьці як мага хутчэй распачаць канкрэтную размову зь беларускімі прадстаўнікамі ў сувязі са становішчам краіны на міжнароднай арэне. Аб’ектам гэткай размовы мусяць быць два беларускія законы — пра выбары і СМІ, бязь зьмен у якіх беларускія кіраўнікі ня могуць быць прызнаныя міжнароднай супольнасьцю. Прапанова В.Станкевіча мае яшчэ адзін акцэнт — далучыць да літоўска-беларускіх перагавораў і Расею, а далей гэтыя перамовы перанесьці на ўзровень эўрапейскіх структур — Эўразьвязу, Рады Эўропы і АБСЭ. «Нашы ўрады, — сказаў В.Станкевіч, — мусяць супрацоўнічаць, кажучы папросту, на поўную катушку. Дзякуючы гэтаму, пэўны, дэмакратызацыя ў Беларусі пачнецца нашмат хутчэй».

Тым часам у Беларусі адбыліся новыя зьмены — уведзены папраўкі ў Крымінальны кодэкс, якія яшчэ глыбей штурхаюць Беларусь да самаізаляцыі і яшчэ больш ускладняюць яе міжнародныя дачыненьні. «НН» прапанавала В.Станкевічу растлумачыць беларускай аўдыторыі, ці зьмянілася цяпер яго пазыцыя.

«Наша Ніва»: Пра неабходнасьць весьці дыялёг зь беларускімі афіцыйнымі прадстаўнікамі вы казалі на працягу некалькі гадоў. Але што вы скажаце цяпер, пасьля ўнясеньня зьмен у Крымінальны кодэкс РБ?

Вацлаў Станкевіч: Зьмены ў Крымінальны кодэкс, фармулёўкі пра «дыскрэдытацыю», «дэстабілізацыю» нясуць шкоду краіне, павялічваючы яе самаізаляцыю. Але я застаюся пры сваім. І суседнім краінам, і беларускім уладам, і апазыцыі трэба зразумець: Беларусь як мага хутчэй трэба выводзіць на міжнародную арэну. Таму як найхутчэй трэба зьмяніць законы пра выбары і СМІ — каб яны адпавядалі эўрастандартам. Толькі тады вынікі наступных выбараў будуць прызнаныя міжнароднай супольнасьцю і Беларусь прызнаюць дзяржавай, якая ідзе па шляху дэмакратыі. Пры цяперашнім законе, хто б іх ні выйграў у 2006 г., прэзыдэнт ня будзе прызнаны міжнароднай супольнасьцю як дэмакратычна абраны. Не мяняць законаў, ня ўводзіць элемэнтаў дэмакратыі — гэта значыць узмацняць ізаляцыю сваёй краіны. Тое, што яны ня здольныя клапаціцца пра інтарэсы сваёй краіны. Краіна, якая самаізалюецца, ня мае будучыні.

«НН»: Ёсьць іншы падыход у Літве: чым горшай будзе сытуацыя ў Беларусі ў выніку санкцый, тым хутчэй людзі зразумеюць сутнасьць рэжыму і паўстануць супраць яго.

ВС: Я прапаноўваю эвалюцыйны шлях, але магчымы і рэвалюцыйны. Аднак я супраць рэвалюцый, прынамсі пакуль ня выкарыстаны ўсе магчымасьці эвалюцыйнага шляху. Я кажу аб праблеме самаізаляцыі Беларусі, а не пра самаізаляцыю Лукашэнкі. Трэба тлумачыць, можа, не самому Лукашэнку, а яго міністрам, рэгіянальным кіраўнікам, і такім чынам спрабаваць эвалюцыйным шляхам ініцыяваць зьмены да лепшага. Ня варта спадзявацца на нейкі цуд, а падрыхтавацца да доўгае працы.

«НН»: Літоўскія палітыкі досыць рэзка камэнтуюць увядзеньне рэпрэсіўнага заканадаўства ў Беларусі, кажучы пра вяртаньне сталінскіх часоў. І ў той жа час Літва мае шматлікія кантакты зь Беларусьсю на ўзроўні міністэрстваў. Выглядае, што ва ўсіх сваіх кантактах краіна найперш кіруецца эканамічнымі інтарэсамі?

ВС: Эканамічныя кантакты трэба разглядаць асобна ад палітычных. Палітыка — гэта палітыка. Нягледзячы на эканамічныя кантакты Літва ня можа адступіцца ад сваіх дэмакратычных каштоўнасьцяў. Мы — суседзі, мы нікуды адно ад аднога не падзенемся, незалежна ад таго, ці будзем мы разам у Эўразьвязе і ў NATO, ці не.

«НН»: У часе візыту ў Нямеччыну В.Адамкус зрабіў рэзкія заявы наконт Беларусі, у прыватнасьці, што «не выключае магчымасьці нападу войскаў Лукашэнкі на маленькую балтыйскую краіну». Магчыма, прэзыдэнт агучыў патаемныя страхі Літвы?

ВС: Я ня веру, што нехта ў Літве глядзіць на Беларусь як на нейкага ворага. Апрача таго, Літва — сябар NATO. Напасьці на Літву — значыць напасьці на NАТО. Зь іншага боку, мы ўвесь час забываемся, што Беларусь зьяўляецца партнэрам NATO па шэрагу праграм. Я, калі бываю ў арганізацыях NATO ў Брусэлі, заўсёды пытаюся ў генэралаў альянсу, як яны расцэньваюць партнэрства зь Беларусьсю. Высокія прадстаўнікі NATO зазначаюць, што Беларусь выконвае свае абавязкі ў праграме «Партнэрства дзеля міру». Можна прывесьці яшчэ і шмат іншых аргумэнтаў на карысьць таго, што цяперашняя Беларусь — ня тая краіна, якая будзе пасылаць свае танкі на Вільню.

«НН»: У Літве некаторыя палітыкі (напр. В.Ландсбэргіс) заяўляюць, што менавіта размовы пра магчымасьць кантактаў зь беларускімі ўладамі паспрыялі новым крокам да ўзмацненьня дыктатуры. Ці ня лье ваша прапанова ваду на млын дыктатуры? Ці вы ўсё яшчэ спадзеяцеся, што любы кіраўнік можа зразумець, што нельга гэтак шкодзіць сваёй краіне?

ВС: Калі для кіраўніка Беларусі і яго вэртыкалі дарагія ня толькі іх пасады, але й дарагая Беларусь і яе народ — крокі па ўвядзеньні дэмакратычных элемэнтаў у жыцьцё краіны абавязкова трэба пачынаць. Калі афіцыйныя ўлады гэтага не пачнуць рабіць, кожнаму стане зразумела — ім ня рупіць Беларусь і яе будучыня. Тады афіцыйны Менск ня зможа сказаць беларускаму народу — бачыце, з намі не жадаюць размаўляць. Сёньня яшчэ магчыма пераадолець сьцяну недаверу паміж афіцыйным Менскам і Захадам. Таму і прапаную — давайце сядзем і пагаворым. Мы не рыхтуем ніякіх пераваротаў, мы не зьбіраемся ўплываць на тое, каму быць наступным прэзыдэнтам Беларусі. Хто будзе прэзыдэнтам, скажа беларускі народ. Мы мусім пагаварыць пра будучыню Беларусі. Каб беларускае грамадзтва заняло дастойнае месца ў Эўропе, якога яно насамрэч вартае. А цяпер Беларусь нібы белая пляма у Эўропе — вось у чым бяда.

«НН»: Што беларусу Станкевічу са знанага роду Станкевічаў баліць за Беларусь, ня дзіўна. Але што ад гэтага мае літоўскі палітык, Літва?

ВС: Наадварот, афіцыйная Літва зацікаўлена ў тым, каб Беларусь была на ўсіх ўзроўнях, каб Беларусь прысутнічала на міжнароднай арэне. Каб яе не Расея прадстаўляла ў эўрапейскіх структурах, а самі беларускія прадстаўнікі працавалі ва ўсіх галоўных эўрапейскіх інстытутах, і Беларусь магла гаварыць сама за сябе. Для Літвы важна, каб Беларусь засталася самастойнай краінай са сваёй мовай, сваёй нацыянальнай культурай. І я гэтага хачу — і як беларус, і як грамадзянін Літвы.

Вацлаў Станкевіч — літоўскі парлямэнтар-беларус. Паходзіць з роду Станкевічаў, які даў Беларусі шмат вядомых дзеячаў. Другі тэрмін узначальвае ў парлямэнце камітэт па справах NATO, а за працу па далучэньні краіны да альянсу быў узнагароджаны Вялікім крыжам Камандора Вітаўта Вялікага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?