Міністры замежных спраў Еўразвязу выказаліся за працяг прыпынення візавых санкцый супраць беларускіх чыноўнікаў яшчэ на дзевяць месяцаў. Іначай кажучы, працягнулі выпрабавальны тэрмін. Толькі вось хто каго выпрабоўвае?

У міністраў, што сабраліся 16 сакавіка ў Бруселі, выбар быў невялікі. Скасоўваць санкцыі — за якія гэта подзвігі? Зноў абвяшчаць усю тую галерэю персанажаў неўязной (як таго дамагаліся пэўныя фігуры з апазіцыі)?

Тады найболей імаверны сцэнар такі: тутэйшая вярхоўка — ах вы, … брусельскія! — учыняе Еўропе вялікі скандал з біццём посуду і, што самае сумнае, яшчэ мацней заціскае гайкі ў краіне.

Такі паварот сюжэту мы ўжо назіралі на пачатку 2008 года. Памятаеце: адзін за адным сталі выходзіць на волю палітвязні, але варта было працэсу даць збой на Казуліне — і пайшло новае мачылава: “справа 14” ды ўсё такое. Амерыканцаў павыганялі...

Далей: атрымаўшы адлуп ад Еўропы, тутэйшае начальства адпаведна скарэктуе і замежную палітыку.

“Хто выйграе, калі Лукашэнка пачне мацней сябраваць з Расіяй, Венесуэлай, Іранам?” — рытарычна пытаецца палітолаг Валер Карбалевіч.

Так што міністры палічылі за лепшае пагадзіцца на пралангацыю выпрабавальнага тэрміну. Прасцей кажучы, пытанне падвесілі — акурат да Калядаў, не раўнуючы як тыя кілбасы пад страхою :)

Гэта рашэнне ўразлівае для крытыкі, але яно выглядае цалкам лагічна ў межах распачатай летась новай палітыкі ЕЗ у дачыненні да Беларусі. Звышзадача — уцягнуць краіну ў еўрапейскія працэсы, нават калі даводзіцца рэдукаваць каштоўнасныя патрабаванні да рэжыму.

Зараз сітуацыя ні два ні паўтара. Нейкія жэсты Мінск усё ж зрабіў. Ва ўсякім разе, падстаў для пошуку агульнай мовы не меней, чым было пасля фармавання “стэрыльнай палаты”, а менавіта пасля тых нібыта выбараў, згадайма, і прыпынілі першы раз санкцыі :)

Іншае пытанне: хто каго выпрабоўвае? Падаецца, што гэта Лукашэнка даследуе, наколькі далёка сягае цярплівы прагматызм Бруселя. Ход з візітам у Ерэван з-пад носа ў еўракамісаркі Ферэра-Вальднэр — акурат такі тэст для ЕЗ: а гэту пігулку праглынеце? Хаця эпатаж тут не самамэта. Сімволіка ў тым, каб давесці Еўропе: вы мне тут дыктаваць не будзеце! Карацей, “палюбіце нас чорненькімі”!

“Лукашэнка адчувае, што Еўразвяз надзвычай зацікаўлены ў дыялогу з Беларуссю. Беларускі кіраўнік успрымае гэта як праяву слабасці, а ў такіх выпадках ён імкнецца даціснуць, накінуць свае ўмовы”, — лічыць Карбалевіч.

Праблема ў тым, што Брусель фактычна пагадзіўся на гульню ў адны вароты. Умовы першага выпрабавальнага тэрміну з яго вуснаў гучалі — ва ўсякім разе для шырокай публікі — занадта расплывіста.

З аднаго боку, зразумелая засцярога еўрапейскіх палітыкаў загнаць саміх сябе ў пастку спісам жорсткіх патрабаванняў. З іншага боку,

калі дыялогу не надаць празрыстасці ды канкрэтыкі, то і другі выпрабавальны тэрмін можа стаць пшыкам.

Між тым дзевяці месяцаў цалкам дастаткова (дзве парламенцкія сесіі пройдуць!), каб прыняць змены ў выбарчае заканадаўства (кшталту: апазіцыя ва ўсіх камісіях), скасаваць адыёзны артыкул 193-1 Крымінальнага кодэксу (па якім адседзелі сябры “Партнёрства”, Дашкевіч), вярнуць у распаўсюд усе рэпрэсаваныя газеты.

Карацей, патрэбен рэалістычны спіс умоў. Калі ўжо яны там у сваім Бруселі так баяцца, то не абавязкова замацоўваць спіс некім бюракратычным рашэннем, але артыкуляваць гэту канкрэтыку — варта. А не так, як сп. Салана ў лютым: маўляў, усё, што трэ’ было сказаць, я яму на вушка сказаў…

Тады, дарэчы, і беларускаму начальству цяжэй было б адкручвацца ці наракаць, што Еўропа ўдарыла санкцыямі без дай нагоды.

Летась жа, глядзіце, Захад урэшце даціснуў у пытанні палітвязняў. Хаця многія не верылі, што Лукашэнка перасіліць сябе і выпусціць Казуліна датэрмінова. Фішка ў тым, што быў канкрэтны спіс, а не агульныя пажаданні, каб рэжым стаў мяккім ды пухнатым. І была зацікаўленасць рэжыму наладзіць дачыненні. Гэтая зацікаўленасць нікуды не падзелася і цяпер. Трэба на гэтым разумна граць.

Разам з тым, ангажаванне самой нашай краіны ва “Усходняе партнёрства” фактычна без аніякіх папярэдніх умоў выглядае ходам апраўданым.

Санкцыі супраць персаналій — гэта асобнае і, шчыра кажучы, дастаткова вузкае пытанне. А цягнік “Усходняга партнёрства” хай сабе тым часам пакрысе скранаецца з месца.

На станцыю прызначэння ён прыбудзе, магчыма, ужо ў новай гістарычнай сітуацыі. З іншымі персаналіямі.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?