У рамках паездкі, якая адбылася з 9 па 11 сакавіка, дэлегацыя студэнтаў на чале з рэктарам Анатолем Міхайлавым і дырэктарам па пытаннях развіцця і міжнародных дачыненняў Мерсэдэс Спраўз зрабіла некалькі сустрэч у Еўрапарламенце.
Ключавой была размова з Прэзідэнтам Еўрапарламента Хансам‑Гертам Пётэрынгам, падчас якой удзельнікі выказалі свае меркаванні пра значэнне Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта для Беларусі, а таксама абмеркавалі новы этап у дачыненнях Еўразвяза з Беларуссю.

Прэзідэнт Пётэрынг пасля сустрэчы зрабіў заяўленне: «Седзячы за адным сталом, мы мелі ажыўленую размову – абмен меркаваннямі на тэму будучыні Беларусі і ролі, якую могуць адыграць у дэмакратычных пераменах сваёй краіны гэтыя маладыя, яркія і добра адукаваныя людзі. Еўрапейскі Парламент абараняе права гэтых маладых людзей і іх суайчыннікаў жыць у адкрытым і дэмакратычным грамадстве.

Еўрапейскі Парламент цалкам падтрымлівае галоўнае жаданне студэнтаў і супрацоўнікаў Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта – завяршыць сваё вымушанае прыбыванне ў выгнанні і вярнуцца ў Мінск. Неабходныя перадумовы для такога кроку – гэта, безумоўна, трывалае ўсталяванне вольных і здаровых акадэмічных навуковых абставінаў у агульнай мадэлі беларускай адукацыйнай сістэмы. Забеспячэнне гэтых гарантый насамрэч ёсць важнай задачай беларускіх уладаў, і гэта стане ясным сігналам іх сур’ёзнай гатоўнасці і жадання да пазітыўных пераменаў».

Былі наладжаныя сустрэчы з еўрапарламентарамі са Швецыі Гуннарам Хёкмарам і Крыстаферам Ф’ельнерам, дэпутатам ад Літвы Лаймай Люцыяй Андрыкене, прадстаўнікамі Дэлегацыі па сувязях з Беларуссю Яцэкам Пратасевічам, Янушам Анышкевічам і іншымі. Парламентары выслухалі думкі студэнтаў не толькі адносна будучыні ЕГУ, але і разнастайныя пазіцыі ў дачыненні да палітыкі збліжэння ЕЗ з беларускай дзяржавай, уключэння Беларусі ў праект Усходняга Партнёрства і запрашэння А. Лукашэнкі на саміт у Празе.

Частка студэнтаў сцвярджала, што супрацоўніцтва з Лукашэнкам будзе азначаць прызнанне яго ўлады, а беларускія медыя пратранслююць гэтую ідэю на ўсю краіну. Іншыя меркавалі, што ініцыятыва Усходняга Партнёрства прынесла б палёгку ў першую чаргу беларускім людзям, паколькі для іх была б забяспечаная магчымасць атрымліваць візы ў краіны ЕЗ па меншых коштах, а таксама спыніла б ізаляцыю краіны. І парламентары, у сваю чаргу, не адзіныя ў візіі Беларусі. Дыскусіі пра будучыню нашай краіны ва Усходнім Партнёрстве працягваюцца. Аднак парламентар Я. Пратасевіч упэўнены, што настаў час змяніць палітыку ігнаравання Беларусі на прагматычны дыялог.

Еўрапейскія палітыкі пагадзіліся, што праблемы Беларусі не стаяць на павестцы дня, аднак існуе вялікая зацікаўленасць у сувязях з беларусамі, з аднаго боку, і новым этапе ўзаемадзеяння з беларускім кіраўніцтвам – з другога. Усіх суразмоўцаў‑парламентараў студэнты запрашалі наведаць іх alma mater у Вільні, каб пазнаёміцца з ЕГУ бліжэй. Прэзідэнт Х.‑Г. Пётэрынг ужо быў госцем універсітэта ў красавіку мінулага года падчас свайго афіцыйнага візіту ў Літву.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?