Колькасць нарказлачынстваў у Беларусі зменшылася, аднак узрасла колькасць наркотыкаў, якія былі канфіскаваныя, заявіў міністр унутраных спраў Юрый Караеў, перадае БЕЛТА.
Юрый Караеў. Фота Надзеі Бужан
Як адзначыў Караеў, у 2019 годзе было здзейснена каля 4,5 тысяч злачынстваў, звязаных з наркотыкамі. З іх палова — гэта збыт. Нягледзячы на тое, што нарказлачынстваў стала менш, павялічылася колькасць наркотыкаў, якія былі канфіскаваныя, калі глядзець на вагу.
«Самае галоўнае дасягненне: пачынаючы з 2015 года колькасць выпадкаў перадазіровак з непаўналетнімі і, адпаведна, іх смерцяў скарацілася ў 37 разоў. У параўнанні з 2018 годам — у тры разы», — дадаў міністр.
Паводле яго слоў, канфіскаваная ў 2019 годзе велізарная партыя наркотыкаў (550 кг гераіну) азначае, што для транснацыянальных груповак Беларусь па-ранейшаму застаецца прывабнай у транзітным плане краінай.
«Да нас і праз нас ідуць пастаўкі як з усходу, так і з захаду, — канстатуе міністр. — Раслінныя наркотыкі ў асноўным ідуць з усходу на захад, а сінтэтычныя — з захаду на ўсход. Сінтэтычныя — найбольш небяспечныя, іх усяго 5% у агульным спектры, але менавіта ад іх 60% перадазіровак».
Як падкрэсліў Юрый Караеў, падраздзяленні па барацьбе з наркотыкамі ў першую чаргу перанацэлены на выяўленне не дробных спажыўцоў, а буйных партый і каналаў. У цэлым МУС мае намер актыўна займацца прафілактыкай.
Кіраўнік ведамства таксама нагадаў, што па ініцыятыве Міністэрства ўнутраных спраў у РНПЦ псіхічнага здароўя створаны пілотны цэнтр працяглай рэабілітацыі нарказалежных. «Мы паглядзім на вынікі яго працы і будзем актыўна садзейнічаць таму, каб з пілотнага ён стаў пастаянным, каб такіх цэнтраў было больш», — дадаў міністр.