Большасць дзяцей нашай краіны ходзіць у дзяржаўныя садкі. Там, што ні кажы, ёсць шмат станоўчых момантаў. І мне сапраўды яны падабаюцца, не буду паглыбляцца. Але на адну вельмі важную частку выхавання хочацца звярнуць увагу — гэта развіццё вучэбных праграм, менавіта іх развіццё і ўдасканаленне, канечне, адпаведна сучаснасці.

Вось узяць, напрыклад, лепку з пластыліну. Апошняя тэма адпаведная дзяржкаштоўнасцям, я так зразумела, — дзень арміі (не ведаю, прабачце, як зараз дакладна называецца). Дзеці лепяць ваенную тэхніку, канкрэтна танкі, зялёныя з чырвонай зоркай. Ну, я не буду спыняцца на тым, што там пару белых і з чырвоным арнаментам, не ў дэталях сутнасць, хаця гэта быў танк Тадэвуша). Сутнасць у тым, як я заўважыла, што ў мірнай краіне акцэнт зроблены не на сучаснай тэхніцы, а на савецкіх танках перыяду ВАВ.

Вось у мяне ў пачатковых класах была настаўніца — прагрэс ва ўсім. На 23-га татам рабілі самую прасунутую тэхніку ў свеце — касмічныя ракеты, на ўроках працы рабілі скрыначкі з інкрустацыяй саломкай, як сапраўдныя драўляныя, лакам пакрывалі, толькі з картону зробленыя, але файныя, хоць прадавай (такі сучасны варыянт народнай творчасці). Гэта былі 1982-1985 гады, і ніякіх танкаў 40-х мы ўжо не ляпілі.

У чым сутнасць выхаваўчага моманту з танкамі, мне не зразумела. Калі мэта — паказаць гісторыю, дык чаму не шчыт ды меч? І ўвогуле, кожны раз задаюся пытаннямі: няхай адзін раз пакажуць які-небудзь рускі народны прадмет ці традыцыю, хахламу якую, для агульнага развіцця ці адзін які савецкі, а потым паказаць свае беларускія ды суседнія: украінскія, польскія, ды і ўвогуле сусветныя. Дык не, большасць выхаваўчага матэрыялу з рускімі казкамі, савецкімі традыцыямі, і ўсё ў гэтым родзе. Мне бывае сумна.

Канечне, я па ходу справы і па магчымасці пільная і для сваіх дзяцей карэктую гэтыя касякі. Учора ўспомніла ўсе роды сучасных войскаў і ўсю мадэрновую тэхніку, нават мадэлі супертэхналагічных танкаў «Леапард» і «Чорная пантэра» (мамы проста ў курсе ўсіх падзей).

Але дабіла мяне ўчора сачыненне па адной кнізе рускага сацрэалізму ў адзінаццатым класе старэйшай дачкі. Я трыццаць гадоў таму сумнявалася ў яго ўважлівым вывучэнні, а зараз дык увогуле.

І самае цікавае, што большасць белфэйсбука жыве менавіта гэтымі культурнымі маркерамі — абмяркоўваюцца кнігі, прыкладная філасофія, захапленне рускімі тэатральнымі пастаноўкамі, і гэта ў большай ступені робяць, канечне, культуролагі, даследчыкі, якія лічаць сябе беларускімі.

І аргументы ў іх дробныя: я так хачу, мне так падабаецца, мне так зручна, я так прывык, я для сябе жыву.

Пра гэта ўжо даўно ёсць мудрасць: пажада плоці, пажада вачэй, пыха жыццёвая.

Не чакаю нічога ад сусвету, але высновы ўсе на паверхні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?