фота -GETTY IMAGES

фота -GETTY IMAGES

Як высвятляецца, сярод творцаў не толькі «Ляпіс Трубяцкой» падняў на шчыт працу Карла Маркса «Капітал». Брытанская газета «Дэйлі Тэлеграф» паведамляе, што

ў Кітайскай Народнай Рэспубліцы ставіцца опера працы Маркса «Капітал».

Опера будзе ісці ў Шанхаі, а ставіць яе вядомы рэжысёр Хі Ніян. У сваім інтэрв’ю кітайскай газеце Wen Hui Bao Хі Ніян зазначыў, што нягледзячы на тое, што ідэю і метады адаптацыі літаратурнага твору для оперы ён пераняў у брадвейскіх м’юзыклаў, але ў сваёй пастаноўцы ён не мае намераў адхіляцца ад Марксавай дактрыны. На думку рэжысёра, опера — адно новы спосаб растлумачыць кітайцам перавагі камуністычнай ідэі. Дзеля гэтага рэжысёр нават запрасіў эканаміста з мясцовага ўніверсітэту: глядзець, каб сюжэтны выгін не адхіляўся ад Марксавай лініі.

«Капітал» — гістарычная і філасофская праца пра развіццё капіталістычных узаемаадносін. Карл Маркс пры дапамозе Фрыдрыха Энгельса публікаваў яе паміж 1867 і 1895. Кніга стала нарожным камянём камуністычнай ідэалогіі, натхніўшы расійскую і кітайскую рэвалюцыі.

Хі Ніян адмовіўся раскрыць лібрэта оперы, але распавёў, што яна засяродзіцца на гаротным стане працаўнікоў на заводзе, якія прыходзяць да ўсведамлення, што працадаўцы іх экплуатуюць. Паводле сюжэту, марксісты раскрываюць вочы працаўнікам на дадатковую вартасць, але не ўсіх гэта пераконвае. Калі некаторыя паўстаюць супраць эксплуататараў, а другія адчыняюць прафсаюзы, дык большасць па-ранейшаму гібее пад капіталістычным прыгнётам. Рэжысёр не дадаў, ці скончыцца гэта хэпі эндам, то бок, канчатковай перамогай камунізму.

Дадамо толькі, што рэжысёр Хі Ніян найперш вядомы сваімі пастаноўкамі батальных сцэнаў з ужываннем баявых адзінаборстваў, таму кітайскіх аматараў оперы, пэўна, чакае надзвычайнае відовішча.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?