МНС паведаміла, што ў цыгарэтах, якія жыхарка вёскі Бабінічы Аршанскага раёна купіла ў мясцовай краме, была ртуць. З-за высокай колькасці пароў гэтага металу ў паветры ў жыллі прыйшлося адсяліць шматдзетную сям'ю, цяпер яна ў бальнiцы, паведамляе ведамства.

Падрабязнасці інцыдэнту паведамляў Tut.by. Валянціна, жыхарка вёскі Бабінічы Аршанскага раёна, купіла ў мясцовай краме блок цыгарэт. Падчас курэння яна перыядычна заўважала, што некаторыя з цыгарэт патрэсквалі, а потым згасалі. Сяброўка Вольга прапанавала адну з іх разабраць. Унутры жанчыны ўбачылі невялікія шарыкі і выказалі здагадку, што гэта ртуць.

Увечары 21 лютага Вольга патэлефанавала ў МНС і паведаміла пра знаходку. Ратавальнікі канфіскавалі цыгарэты з ртуццю, змясціўшы іх у шкляны посуд. Супрацоўнікі МНС праверылі і дом Вольгі, але там было ўсё ў парадку.

У доме Валянціны, якая і купіла блок цыгарэт, канцэнтрацыя пароў ртуці перавышала дапушчальную норму ў 150 разоў. Пры гэтым сам метал не знайшлі.

У Валянціны з мужам — шматдзетная сям'я: у іх шасцёра дзяцей ва ўзросце ад 5 да 19 гадоў. Маці з дзецьмі накіравалі для абследавання ў бальніцу. А муж жанчыны будзе жыць у іншым сваім доме — у суседстве.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?