Больш за 120 чалавек выйшлі днём 23 лютага на плошчу Леніна ў Брэсце, каб пакарміць галубоў і тым самым у чарговы раз паказаць, што яны супраць акумулятарнага завода побач з горадам, паведамляе «Брэсцкая газета».

Па словах праваабаронцы Рамана Кісляка, які быў на плошчы, прысутныя, у асноўным, абмяркоўвалі круглы стол, які на мінулым тыдні правёў «АйПаўэр». Ініцыятыўная група па барацьбе з заводам у мерапрыемстве ўдзел не прымала.

Напярэдадні на ютуб-канале «Народны рэпарцёр» выйшла відэа, у якім блогер Аляксандр Кабанаў і адзін з лідараў ініцыятыўнай групы Дзмітрый Бекалюк прааналізавалі дакументы, якія «АйПаўэр» хацеў даць на грамадскую экалагічную экспертызу. На іх думку, там маюцца відавочныя прыкметы падробкі.

«Цяпер ідзе праверка дакументаў у рамках крымінальна-працэсуальнага кодэкса. Пакуль няма яе вынікаў, ніякай перадачы дакументаў на экспертызу быць не можа. «Свінцовая варта» працягвае назіранне, але не ў такім ўзмоцненым рэжыме. Але, напэўна, прыйдзецца вярнуцца да ўзмоцненага», — падкрэсліў на плошчы Дзмітрый Бекалюк.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0