Як перадае расійскі інтэрнэт‑рэсурс championat.ru, новым галоўным трэнерам мінскага хакейнага «Дынама» стане канадскі спецыяліст Глен Хэнлан.

На сённяшні дзень Глен з’яўляецца настаўнікам фінскага «Ёкерыту» і нацыянальнай зборнай Беларусі. Упершыню ў нашай краіне гэты экстравагантны канадзец з’явіўся напярэдадні сусветнага першынства‑2005 у Аўстрыі. Тады ён адначасова трэніраваў клуб НХЛ «Вашынгтон Кэпіталс».

На наступны год Хэнлану атрымалася дабіцца найвышэйшага дасягнення беларускага хакею на чэмпіянатах свету — шостае месца ў Рызе.
За кароткі перыяд Глену атрымалася захапіць сабой мноства аматараў хакея, стварыць сабе пазітыўны імідж. У 2006 годзе газета «Прессбол» прызнала яго чалавекам году.

Пасля Хэнлана зборнай кіраваў яшчэ адзін паўночнаамерыканец Курт Фрэйзер, але летась яго звольнілі. Вакантнае месца адразу прапанавалі Хэнлану і той пагадзіўся. Што праўда, нацыянальная каманда пакуль не правяла на чале з Хэнланам ніводнага матчу, бо той увесь час знаходзіўся ў краіне Суомі.

Найхутчэй, што дэбют старога новага трэнера адбудзецца ў красавіку ў Швейцарыі, на сусветным першынстве.

Мінскае «Дынама» — прадстаўнік Беларусі ў Кантынентальнай хакейнай лізе. У гэтым сезоне каманда пад кіраўніцтвам амерыканца Х’юза і нашага Спірыдонава заняла ў рэгулярным першынстве 22‑ое месца з 24 і не выйшла ў плэй‑оф. Відавочна, што з прыходам Хэнлана будуць спадзявацца на лепшы выступ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?