Сёлета Мінскі лясгас плануе нарыхтаваць 150 тон бярозавага соку, паведамляюць «Мінск-навіны».
— Большая частка бярозавіку (каля 70%) будзе рэалізавана насельніцтву, яшчэ частка паступіць на перапрацоўку на кансервавы завод у Самахвалавічах. Цана для насельніцтва пакуль не ўстаноўлена, але не выключана, што яна застанецца на ўзроўні мінулага года — 30 капеек за літр, — растлумачыў інжынер Павел Зяновіч.
Да нарыхтоўкі соку ў лясніцтвах пакуль не прыступілі, але, паводле слоў спецыяліста, анамальна цёплы люты паўплываў на рух і нарыхтоўка напою можа пачацца ўжо ў пачатку сакавіка.
Гараджане змогуць і самі бясплатна нарыхтаваць сок. Рабіць гэта можна ў тых месцах, якія вызначаны лясгасам.
Для парушальнікаў прадугледжана адміністрацыйная адказнасць, штраф да 20 базавых (540 рублёў).