Сёння загадкава сарвалася сустрэча беларускіх парламентарыяў і еўрадэпутатаў. Са слоў Андрэя Савіных, старшыні парламенцкай камісіі па міжнародных справах, адбылося гэта «не па нашай віне». 

Чытайце: Дэлегацыя Еўрапарламента не прыйшла на сустрэчу з беларускімі дэпутатамі. Савіных пакрыўдзіўся

Як стала вядома «Нашай Ніве», сітуацыя з візітам еўрадэпутатаў выглядала даволі камічна. 

Крыніцы сцвярджаюць, што пра сустрэчу было дамоўлена загадзя, але яна не была афіцыйнай. Проста, маўляў, у рамках прыватнага візіту групы еўрапейскіх дэпутатаў у Беларусь. 

Калі еўрапейцы пад'язджалі да парламента, у службу пратакола Палаты прадстаўнікоў паступіў званок ад прадстаўніцтва Еўракамісіі з нагадкай пра тое, што сустрэчы не адбудзецца, калі еўрадэпутатаў павядуць у парламент праз галоўны ўваход — яны прасілі, каб дэлегацыю пусцілі з бакавога ўвахода, бо беларускі парламент не прызнаны Еўрапарламентам як легітымны. 

Ім у гэтым адмовілі, але еўрапейцы ўсё адно прыехалі і пайшлі ў Саўмін, які знаходзіцца ў тым жа будынку.

Там яны з паўгадзіны ўгаворвалі ахову пусціць іх ходам ад Саўміна да Палаты прадстаўнікоў, але там цяпер рамонт і прайсці амаль немагчыма, таму ім адмовілі, сустрэчы не адбылося. 

Еўрапейцы не прызнаюць легітымнасці беларускага парламента, бо ў краіне не адбываюцца свабодныя выбары з падлікам галасоў, які можна праверыць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0