Нядаўна на беразе Сожу з’явіўся помнік Першаму гамельчуку: у чоўне стаіць чалавек, а побач — рысь, адвечны вораг чалавека. Можа, скульптар хацеў высечы сабачую пысу, ды малаток саскочыў? Не. З-пад маскі алегорыі тырчаць вушы ідэалогіі. Не той ідэалогіі, чый ідал выглядае, нібы салавей-разбойнік, з-за перарослых елак на плошчы Леніна, а куды больш жывучай.

Рысь стала сімвалам Гомелю ў 1856 г., калі два батальёны карнікаў душылі ў гомельскім маёнтку сялянскія хваляванні. Іншародны для беларускай геральдыкі герб, з рыссю ды двухгаловым арлом, і яго прымітыўны цяперашні варыянт — гэта каланіяльны сурагат гістарычнага герба, які горад атрымаў ад Жыгімонта Аўгуста. Герба — з відарысам крыжа — за які, ужо ў суверэннай Беларусі, міліцыянты аддубасілі юнакоў проста ў цэнтральным парку.

Люстра гістарычных ведаў гамельчукоў — мясцовыя газеты. У адной з іх рэдагавалі матэрыял пра стары Гомель ды набралі буйным шрыфтам, нібы сенсацыю, некарэктную фармулёўку гісторыка: «Гомель стал городом только в 1852 году». І гэта — пра Гомель, які меў магдэбургскае права, герб, пячатку, і толькі праз амбіцыі гаспадара-каланізатара, што не хацеў цярпець побач павятовую адміністрацыю, быў абвешчаны мястэчкам. Адмежаванне ад дарасійскага Гомелю — вось што сімвалізуе рысь у чоўне Першага гамельчука.

Ад таго Гомелю не засталося нават руін. Але... Калі-нікалі, у час грабарскіх работ, людзі трапляюць у рэшткі сутарэнняў. І хаця гэта ўсяго толькі шнары апошняй вайны, гамельчукі дагэтуль вераць у паданне пра лёхі, якія нібыта існуюць пад горадам. Калі пад пандусам палацу знайшлі замураванае сховішча для рыдлёвак і грабель, трэ было бачыць, як дзятва тоўпілася ля адтуліны ў муры. Хочацца верыць, што калі дзеці павырастаюць, яны знойдуць лёхі, якія злучаць два Гомелі.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру