Белтэлерадыёкампанія скарачае штат — збіраецца перавесці з кантрактаў на дамовы аж 400 супрацоўнікаў.
«На працоўным сходзе нам паведамілі, што 400 чалавек унесеныя ў спіс тых, хто будзе пераведзены з кантрактаў на дамовы», — расказаў нам карэспандэнт тэлеканалу «Лад».
У аддзеле кадраў Белтэлерадыёкампаніі, куды мы звярнуліся, паведамілі, што чакаецца змяншэнне аб’ёмаў вяшчання і што вакантных месцаў для журналістаў цяпер няма. У прэс-службе дадалі: «Калі з эфіру знікне нейкая перадача, гэта не значыць, што журналістаў звольняць. Іх перапрафілююць на іншыя праекты».
Наконт масавага звальнення творчых супрацоўнікаў у прэс-службе заявілі, што «паняцця «скарачэнне штату» ў нас няма. Ёсць людзі, якім працягваюць працоўны кантракт. Ёсць тыя, каму ў гэтым адмаўляюць».